Шмат нараканянняў з боку простых беларусаў і дзеячаў культуры выклікала жаданне магілёўскіх уладаў запрасіць на гарадскі канцэрт у гонар Дня незалежнасці расійскіх гастралёраў — Алега Газманава, Льва Лешчанку і Аляксея Вараб'ёва. 

Чытайце: На выступ Газманава, Лешчанкі і Вараб’ёва на Дзень Рэспублікі ўлады Магілёва патрацяць $84 тысячы

Апроч дыскусійнасці самога выбару (расійскія спевакі на Дзень Незалежнасці Беларусі, у нас сваіх няма?) уражваюць і ганарары замежных артыстаў, якія тыя ўвязуць з сабой. 

Так, Газманаву з кішэняў беларускіх падаткаплатнікаў перападзе каля $37 тысяч, Лешчанку — $29 тысяч, Вераб'ёву — больш за $17 тысяч. 

«Наша Ніва» засяродзілася на фінансавым пытанні і ўдакладніла ў менеджараў, колькі каштуюць выступы артыстаў. 

Мы прадстаўляліся чыноўнікам адміністрацыі невялікага расійскага горада ў Ліпецкай вобласці, чыя адлегласць ад Масквы сувымерная з адлегласцю да Магілёва. 

Першы ж адказ навёў на думку, што магілёцы пераплоцяць. 

«Калі дакладнай даты няма… Ну ў сярэднім 1,8-2 мільёна (расійскіх рублёў — «НН»), калі гэта выступленне на гарадской плошчы. Па даце — можа быць танней. Калі толькі пяць песень? Ганарар будзе той жа самы. Мы працуем так — калі трэба гадзіну, то гадзіну. Калі тры — то тры. За тыя ж грошы», — сказаў нам арганізатар канцэртаў Алега Газманава. 

Такім чынам, у правінцыйным расійскім горадзе Газманаў гатовы правесці канцэрт на некалькі гадзін трохі менш, чым за $31 тысячу. 

А ў Магілёве ён праспявае пяць песень за $37 тысяч — няўжо дарога з Масквы і назад каштуе некалькі тысяч? 

Іншы спявак, Леў Лешчанка, просіць за выступ на плошчы роўна 25 тысяч еўра (па цяперашнім курсе $28 тысяч) за 45 хвілін.

«Гэта не ўсё. Ёсць яшчэ побытавы і тэхнічны райдэр. Побытавы — прыезд, пражыванне і харчаванне групы, Іх там 12 чалавек. Апроч таго, мы вам дашлем спіс патрэбнага абсталявання. Калі ў вас усё гэта будзе, то выдаткі скароцяцца», — сказаў менеджар Лешчанкі.

За чатыры песні ў Магілёве яму заплоцяць $29 тысяч.

Што датычыць трэцяга, Аляксея Вараб'ёва, то арганізатар канцэрту запытаў за яго выступ каля $17 тысяч. Прыкладна столькі ж і плануецца выдаткаваць на выступ расіяніна з бюджэта Магілёва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?