Вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў прэзэнтуе на TuzinFM свой сольны альбом «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на словы сьляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

Па песьнях з гэтага альбому сапраўды можна вывучаць гісторыю краіны: заснаваньне гарадоў, часы ВКЛ, Паўночная вайна, паўстаньне Каліноўскага, Панятоўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Тарашкевіч… Падзеі, асобы ды іх (пера) асэнсаваньне — усё гэта ёсьць у «Кароткай гісторыі Беларусі».

Менавіта пад такой назвай у 2014 годзе пабачыў сьвет зборнік Алеся Чобата, які натхніў гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў. «Мы знаёмыя ўжо даўно з Алесем Фёдаравічам і мяне вельмі кранаюць ягоныя вершы. Я лічу, што гэта геніяльны паэт, які выдатна адчувае як мінулае, так і будучыню», — зазначае музыка. Яшчэ на этапе выбару вершаў Алесь сутыкнуўся зь меркаваньнем аднаго знаёмага музыкі, які сказаў, што з вершаў Чобата немагчыма зрабіць песьні, надта яны ўжо немузычныя. Але Дзянісаў сваёй працаю абвергае гэтую тэзу.

Спачатку меркавалася запісаць «Кароткую гісторыю» разам з гуртом «Людзі на балоце», але гурт у гэты пэрыяд практычна прыпыніў сваю дзейнасьць, таму Алесь вырашыў запісаць песьні самастойна. Ён працаваў над альбомам цягам двух гадоў. На адну першых запісаных песень «Турма» акурат тады быў зьняты кліп. А сёлета асобным сынглам прэзэнтаваў сьпеў «Калі над лугам бусел праляцеў». Ён прысутнічае на дыску ў двух варыянтах — пад адну гітару, як і ўсе астатнія песьні і ў вэрсіі, запісанай разам з гуртом Race Of Dreamers. Яшчэ дзьве песьні «Эпілог» і «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі» былі зробленыя разам з гуртом Dzieciuki для альбому «Рэха». Цяпер гэтыя творы можна паслухаць і ў акустычным варыянце. Усяго было запісана 25 песень, адна зь іх зь іншага зборніка Алеся Чобата, таму яна не ўвайшла ў гэты альбом, затое будзе выкарыстаная ў будучым альбоме «Дзецюкоў».

Прэзэнтацыя альбому «Кароткая гісторыя Беларусі» пройдзе ў верасьні ў Гародні, Віцебску, Менску. Алесь Дзянісаў зьбіраецца і надалей займацца сольным праектам. Наступная мэта — ажыцьцяўленьне даўняй мары: альбом на вершы Ўладзімера Караткевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?