NASA дашле касмічны апарат да Сонца, каб больш даведацца пра прыроду сонечных штормаў. Беспілотны зонд будзе знаходзіцца за 6,5 млн кіламетраў ад паверхні Сонца, дзе тэмпература дасягае амаль 1400 градусаў па Цэльсію.

Апарат Parker Solar зможа палепшыць разуменне ролі Сонца для чалавецтва, а таксама дапамагчы ў распрацоўцы абсталявання для абароны ад сонечнай радыяцыі.

Для таго, каб абараніць апарат ад экстрэмальных тэмператур, NASA распрацавала 114-міліметровы шчыт. Сэнсары Parker Solar будуць аналізаваць электронныя часціцы, а тэлескопы апарата зробяць фотаздымкі паверхні найбліжэйшай зоркі.

Сонечная радыяцыя здольная выводзіць са строю спадарожнікі, парушаць працу GPS і нават ствараць перашкоды для электрычных сетак. На сённяшні дзень у навукоўцаў няма дакладнага разумення таго, як сонечнае выпраменьванне дасягае Зямлі, таму яны спадзяюцца, што місія Parker Solar знойдзе адказы на гэтыя пытанні.

Лепшае разуменне таго, што такое сонечная радыяцыя і як «касмічнае надвор’е» ўплывае на Зямлю, неабходна не толькі для абароны спадарожнікаў і электраўстановак. Сонечная радыяцыя з’яўляецца смяротнай для чалавека ў космасе, таму перад магчымай каланізацыяй Месяца і Марса навукоўцам неабходна распрацаваць абарону ад яе.

Яшчэ навукоўцы хочуць знайсці адказ на пытанне, чаму тэмпература атмасферы Сонца больш высокая, чым тэмпература яго паверхні.

На сённяшні дзень касмічны апарат Helios 2 дабіраўся бліжэй за ўсіх да Сонца. Падчас місіі ў 1976 годзе апарат знаходзіўся за 43 млн кіламетраў ад паверхні Сонца.

Запуск Parker Solar адбудзецца на мысе Канаверал у ліпені ці жніўні 2018 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру