Першая ўсесезонная велапаркоўка з аховай пачала працу па адрасе: вуліца Ілімская, 6а, на базе дзейнай платнай аўтастаянкі, перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Ангар для двухколавага транспарту пабудавалі з полікарбаната за месяц. Ён разлічаны на 18 ровараў. У найбліжэйшы час колькасць месцаў плануюць павялічыць да 40.

— Ахвотных шмат, — тлумачыць старшыня стаянкі Аляксандр Бабура. — Усяго за два тыдні працы ўжо выпісана 14 індывідуальных пропускаў на веламесца.

Месяц у веласіпедным «хостэле» абыйдзецца ў дэмакратычную — 3 рублі — суму.

— Велапаркоўкі ўладкуем ва ўсіх мікрараёнах Заводскага раёна, — падзяліўся планамі начальнік аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Заводскага раёна Дзмітрый Марцінкевіч. - Да канца 2017-га плануем абсталяваць восем велапарковак як закрытага, так і адкрытага тыпу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0