Амерыканскі стартап Hyperloop One апублікаваў спіс патэнцыйных еўрапейскіх маршрутаў для транспартнай сеткі хуткасных вакуумных цягнікоў. Спіс быў складзены на аснове заявак, пададзеных на конкурс Global Challenge. Кампанія выбрала 9 праектаў-паўфіналістаў, якія прасцей за ўсё будзе рэалізаваць з тэхнічных і эканамічных прычын.

  • Корсіка — Сардзінія 451 км
  • Эстонія — Фінляндыя 90 км
  • Берлін — Гамбург — Франкфурт — Мюнхен 1991 км
  • Польшча 415 км
  • Іспанія — Марока 629 км
  • Нідэрланды 428 км
  • Лондан — Эдынбург 666 км
  • Ліверпуль — Глазга 546 км
  • Кардыф — Глазга 1060 км

Як адзначае Engadget, некаторыя маршруты перасякаюць вадаёмы, таму для іх будаўніцтва давядзецца канструяваць падводныя тунэлі. Акрамя еўрапейскага маршруту, які будзе пабудаваны праз некалькі гадоў, Hyperloop One збіраецца стварыць сетку вакуумных цягнікоў і ў ЗША.

У Еўропе канкурэнцыю Hyperloop One можа скласці галандская кампанія Hardt Global Mobility, якая да 2022 года плануе злучыць лініяй вакуумных цягнікоў Амстэрдам і Парыж. Інжынеры ўжо пачалі будаўніцтва тэставага ўчастку.

Згодна з канцэпцыяй прадпрымальніка Ілана Маска, цягнікі Hyperloop будуць рухацца па вакуумным тунэлі з максімальнай хуткасцю ў 1223 км/г. Сам Маск не бярэ ўдзелу ў рэалізацыі гэтай канцэпцыі, але яго кампанія SpaceX арганізоўвае конкурсы па стварэнні розных кампанентаў сістэмы. Прадпрымальнік займаецца крыху іншым праектам — распрацоўвае эфектыўны метад будаўніцтва шматузроўневых тунэляў для барацьбы з заторамі. Але Маск запэўніў, што тэхналогія зможа выкарыстоўвацца і для цягнікоў Hyperloop.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?