Аляксандр Лукашэнка перадаў прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў, выяўленых органамі дзяржбяспекі Беларусі, у дачыненні да асуджаных у БССР у канцы 1930-х гадоў па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі Казахстана жанчын, перадае БЕЛТА.

Дакументы прызначаныя для Музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму, які размешчаны на месцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера — Акмалінскага спецаддзялення Карлага НКВД СССР, больш вядомага як Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Нурсултан Назарбаеў шмат увагі надае аднаўленню аб'ектыўнасці гісторыі і гістарычнага працэсу. «Ведаю, што вы чалавек, прыхільны да гістарычнай праўды, колькі вы зрабілі для стварэння музея на месцы Акмалінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы», — сказаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што калі даведаўся аб рэалізацыі ідэі па стварэнні музейна-гістарычнага комплексу на месцы былога лагера недалёка ад Астаны, то даручыў КДБ Беларусі знайсці і вывучыць архіўныя матэрыялы, бо ў лагер ссылаліся людзі з самых розных рэспублік былога СССР. «Мы знайшлі цікавыя матэрыялы. Думаю, яны паслужаць асновай нашай беларускай выставы ў гэтым музеі», — адзначыў Лукашэнка.

Па яго словах, дакументы, якія перадаюцца, — копіі спраў у дачыненні да жонак беларускіх пісьменнікаў, лісты сваякоў рэпрэсаваных жанчын. Сярод іх — і цешча народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.

Нурсултан Назарбаеў падзякаваў беларускаму кіраўніку за архіўныя дакументы. Ён распавёў, што ў экспазіцыі музея на месцы лагера паспрабавалі ўзнавіць умовы побыту і ўтрымання зняволеных, якія існавалі тады. «Там проста ў катаваннях гінулі людзі. Яны былі з дзецьмі, некаторыя — цяжарныя. Нараджалі, дзеці гінулі, — сказаў прэзідэнт Казахстана. — Недалёка ёсць спецыяльныя могілкі — называюцца матуліны могілкі — для дзяцей. Там на крыжах лялькі вісяць. Жудасна! Нельга забываць гэта!».

Як растлумачылі ў КДБ Беларусі, супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі на пастаяннай аснове вядзецца работа па навуковай распрацоўцы архіўных дакументаў. У ходзе карпатлівай працы выяўленыя і вывучаныя матэрыялы архіўных крымінальных спраў у дачыненні да 63 жанчын — жонак рэпрэсаваных у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Асуджаныя па палітычных матывах жанчыны былі этапаваныя ў Акмалінскі лагер з БССР.

Дадзеныя матэрыялы ўнікальныя і ўяўляюць з сябе не толькі навуковую і гістарычную каштоўнасць, але і з'яўляюцца часткай гісторыі канкрэтнага чалавека, сям'і. Такім чынам, з'яўляецца магчымасць дапамагчы сваякам, якія пацярпелі ў гады масавых палітычных рэпрэсій, аднавіць асобныя старонкі гісторыі сваёй сям'і.

Музейна-мемарыяльны комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму быў адкрыты 31 мая 2007 года па ініцыятыве прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Ён размешчаны недалёка ад сталіцы Казахстана Астаны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна