Дзве настаўніцы з Маладзечна паўстануць перад судом праз смерць вучаніцы, паведамілі БЕЛТА ў пракуратуры Мінскай вобласці.

Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў суд Маладзечанскага раёна крымінальную справу ў дачыненні да настаўніц сярэдняй школы №11 Маладзечна, якія абвінавачваюцца ў неналежным выкананні абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя вучаніцы 8-га класа падчас выканання сельгасработ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзяўчынкі.

Папярэдняе расследаванне паводле крымінальнай справы праводзіла ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Выяўлена, што 44-гадовая настаўніца фізікі і 32-гадовая настаўніца замежнай мовы суправаджалі 20 вучняў на сельскагаспадарчае поле ААТ «Усход-Агра» для ўборкі бульбы. У адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі яны павінны былі забяспечыць бяспеку жыцця і здароўя непаўналетніх — як у шляху, так і падчас уборкі.

Пасля заканчэння работ 29 верасня 2016 года настаўніцы не праявілі ўважлівасць і прадбачлівасць, неналежна выканалі свае абавязкі — не забяспечылі бяспечнае перамяшчэнне навучэнцаў ад месца правядзення сельгасработ да месца пасадкі ў аўтобус. З прычыны гэтага на 13-гадовую дзяўчынку на полі наехаў грузавы самазвал. У выніку ёй былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх яна памерла на месцы здарэння.

Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 165 КК РБ — неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга асобай, на якую такія абавязкі ўскладзеныя па службе, што пацягнула па неасцярожнасці смерць малалетняга, пры адсутнасці прыкмет службовага злачынства.

Дзейным крымінальным заканадаўствам за ўчыненне такога злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на тэрмін да 5 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0