Лонданская паліцыя паведаміла, што загінулымі ў выніку пажару ў лонданскім шматпавярховым доме Грэнфел-таўэр лічацца па меншай меры 58 чалавек, у іх ліку і тыя, каго пакуль не ўдалося знайсці.

Фота AFP

Фота AFP

У паліцыі заяўляюць, што фактычна няма ніякіх шанцаў знайсці жывымі тых, хто пакуль лічыцца зніклым без вестак. У пятніцу паведамлялася, што колькасць ахвяр пажару дасягнула 30. Сярод тых, каго не ўдалося знайсці, — цэлыя сем'і.

Па словах прадстаўніка паліцыі Сцюарта Кандзі, колькасць ахвяр пажару можа яшчэ вырасці, а пошукавая аперацыя будзе працягвацца некалькі тыдняў.

Як стала вядома Бі-бі-сі, колькасць загінуўшых у выніку пажару можа дасягнуць 70 чалавек.

Раней, калі афіцыйная колькасць загінуўшых складала 17 чалавек, паведамлялася, што ў будынку, які цалкам згасілі толькі да раніцы чацвярга, могуць заставацца дзясяткі людзей.

Пажар у 24-павярховым будынку Грэнфел-таўэр у раёне Паўночны Кенсінгтон пачаўся ў ноч на сераду. Паводле звестак уладаў, да пачатку ўзгарання ў будынку маглі знаходзіцца да 600 чалавек.

У сераду з агнём змагаліся каля 200 пажарных, на месца прыбыла 40 пажарных машын.

Грэнфел-таўэр быў пабудаваны ў 1978 годзе, у ім каля 200 кватэр. Уратаваныя жыхары кажуць, што ў доме не працавала пажарная сігналізацыя. Таксама адзначаецца, што ў брытанскіх высотках не ўсталёўваюцца сістэмы для тушэння пажараў.

Прычына ўзгарання застаецца нявысветленай. Сярод версій, якія з'явіліся ў СМІ — дэфект электраправодкі, выбух газу і ўзгаранне халадзільніка ў адной з кватэр. Шэраг экспертаў лічыць, што пажар магла ўзмацніць ашалёўка будынка, у якой утрымліваецца цынк.

У пятніцу прэм'ер-міністр Брытаніі Тэрэза Мэй распарадзілася правесці поўнамаштабнае адкрытае расследаванне прычын пажару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0