На расійскім тэлеканале ТВЦ 20 чэрвеня выйшла перадача «Права голасу». Ужо не ў першы раз яна была прысвечаная Беларусі. З нашай краіны ў Маскву прыехаў звыклы дэсант: прарасійскія эксперты Аляксей Дзерман і Пётра Пятроўскі, намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч, а таксама эканаміст Георгій Грыц.

Ці мяняе Беларусь курс, пыталіся ў гасцей. Фармальнай прычынай сталася тое, што Нацбанк Беларусі выключыў расійскі рубель са спісу рэзервовых валют.

Член Савета Федэрацыі Расіі Сяргей Калашнікаў расказаў: «Мы практычна кожны год даем Беларусі вялікія траншы на ўвядзенне адзінай валюты, якія паспяхова пераварваюцца»

«А дзе адзіная валюта?» — стаў крычаць вядучы перадачы Раман Бабаян.

«Ужо ў 2000-м годзе было зразумела, што ніякай адзінай валюты не будзе», — запэўніў Калашнікаў, які ў той час з’яўляўся міністрам працы Расіі.

«Ніякіх траншаў на стварэнне адзінай валюты не было. Мякка кажучы, гэта няпраўда», — парыраваў Георгій Грыц.

Пасля гэтага гаворка зайшла пра беларускую АЭС, якую будуюць побач з Астраўцом. Літоўцы палічылі, што станцыя пагражае бяспецы іх краіны.

«Зайздросцяць, няма грошай, і Еўрасаюз не дазволіў», — растлумачыў Гайдукевіч, чаму Літва не стала будаваць сваю АЭС на мяжы з Беларуссю.

Беларус з Вышэйшай школы эканомікі Дзмітрый Балкунец адзначыў, што Беларусь заўсёды своечасова плаціла па траншах МВФ, «у адрозненне ад паўднёвых суседзяў».

«Мы ведаем, што гэта за суседзі. Не вымаўляйце іх услых, не трэба», — вядучы Бабаян так адрэагаваў на згадку Украіны. Госці сустрэлі гэты «жарт» рогатам. Прычым і беларускія госці.

«Як Украіна, якая прадала зямлю, каб атрымаць крэдыт МВФ, так Беларусь не зробіць ніколі», — пераконваў расійскіх гледачоў Гайдукевіч.

«Я ж прасіў услых не вымаўляць», — зноў аджартаваўся Бабаян.

Дэпутат Калашнікаў як недружалюбныя паводзіны Беларусі прыводзіў той факт, што наша краіна паставіла ў Расію «больш малака, чым сама вырабіла». Тое ж з самае, маўляў, адбываецца з яблыкамі.

 «Мы ў Расіі забываемся, што Беларусь была, ёсць і, напэўна, будзе абсалютна суверэннай дзяржавай. Гэта абсалютна правільны прагматызм Беларусі. А Расія пнецца аб’яднаць тое, што з Расіяй аб’ядноўвацца не будзе. У Беларусі ніколі не будзе стаяць пытанне нават аб драбнейшай страце суверэнітэта», — сказаў Сяргей Калашнікаў.

Вядучы Бабаян расказваў публіцы пра страшных беларускіх нацыяналістаў, якія ў інтэрнэце называюць сябе нашчадкамі ВКЛ і не хочуць мець нічога агульнага з Расіяй. Па яго словах, з такімі «ліцвінамі» вядзе змаганне Аляксей Дзерман.

Напрыканцы перадачы слова ўзяў Багдан Бяспалька, гісторык, адзін з самых адыёзных беларусафобаў у Расіі.

«Змена курса адбываецца. Беларусь асцярожна мяняе курс. Ніхто не хоча рваць проста цяпер», — лічыць Бязпалька. Ён згадаў, што за кратамі працягваюць знаходзіцца тры прарасійскія публіцысты: Паўлавец, Алімкін і Шыптэнка.

«Гэта грамадзяне Беларусі, мы разбяромся з імі самі», — закрычаў Гайдукевіч.

Бязпальку гэта не спыняла, маўляў, найлепшыя людзі краіны сядзяць у турме, а вось Зміцер Дашкевіч на волі. Маўляў, непарадак адбываецца.

Дзмітрый Балкунец згадаў, што па «цалкам сфабрыкаванай справе» ў зняволенні таксама знаходзяцца былыя актывісты «Белага легіёна».

На гэта Аляксей Дзерман адрэагаваў, што «КДБ разграміў нацыяналістычнае падполле».

Напрыканцы перадачы у беларускіх удзельнікаў хацелі спытаць, дык чый усё ж Крым, але чамусьці перадумалі гэта рабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?