Інцыдэнт адбыўся апоўначы 21 чэрвеня на вуліцы Маскоўскай.

Супрацоўнікі Бабруйскага аддзела Дэпартамента аховы на спецмашыне патрулявалі начны горад. Недалёка ад кафэ «Фараон» праваахоўнікі ўбачылі групу маладых людзей. Падумаўшы, што гэта падлеткі, і жадаючы правесці з імі прафілактычную размову, міліцыянты падышлі да мінакоў. Пакуль міліцыянты высвятлялі асобы гараджан (непаўналетніх, праўда, сярод іх не было), двое маладых людзей аддзяліліся ад групы, падышлі да міліцэйскай «Джылі» і сталі рукамі і нагамі наносіць удары па кузаве аўто. Аднаго з хуліганаў міліцыянты скруцілі, другому ўдалося ўцячы.

Затрыманым аказаўся раней судзімы за крадзеж і хуліганства 24-гадовы мясцовы жыхар. У яго крыві было выяўлена 1,7 праміле алкаголю. Са зламыснікам працуюць следчыя. Асоба другога падазраванага таксама ўстаноўлена: хулігана затрымалі на наступны дзень.

«У дачыненні да маладых людзей заведзена крымінальная справа па частцы другой артыкула 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асобаў альбо паўторна). Максімальная санкцыя артыкула - пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў », — распавёў старшы следчы Андрэй Цэдзік.

Больш за ўсё ў начным здарэнні не пашанцавала міліцэйскай «Джылі»: у аўтамабілі пашкоджаны двое дзвярэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?