Суд Цэнтральнага раёна Мінска паставіў кропку ў канфлікце мінчука Анатоля Новікава і кіраўніка аднаго з рэстаранаў Burger King. Справа спыненая за адсутнасцю складу адміністрацыйнага правапарушэння, піша Tut.by.
Ілюстрацыйнае фота
Нагадаем, у пачатку лета ў адным з рэстаранаў Burger King мінчук Анатоль Новікаў звярнуўся да касіра на беларускай мове. Аднак супрацоўнік замову ў яго не прыняў: сказаў, што не разумее. Кліент папрасіў дапамагчы адміністратара, але тая заявіла — ведаць мову работнікі не абавязаныя.
Тады ў кнізе скаргаў і прапаноў мужчына пакінуў запіс на беларускай мове. Вось толькі адказ на яго ён атрымаў па-руску. А гэта — парушэнне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
У выніку на кіраўніка рэстаранам склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні — в. 9.22 КоАП (Публічная абраза, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе). Сума штрафу у дадзеным выпадку — ад чатырох да дзесяці базавых велічынь (ад 92 да 230 рублёў). Справу накіравалі ў суд.
— За адсутнасцю ў дзеі кіраўніка Burger King складу адміністрацыйнага правапарушэння, справа ў дачыненні да яго спыненая, — паведаміла Наста Шыльвян, памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда.
Атрымаць аператыўны каментар у Burger King не ўдалося. Анатоль Новікаў таксама распавёў, што за судом не сачыў: «нецікава, не было жадання туды хадзіць».
— Мне не вельмі цікава, якое рашэнне прыняў суд, мэта тут была іншая, — кажа Анатоль. — Скаргі я пішу не для судоў, а каб кіраўніцтва кампаніі даведалася, што да іх заходзіў беларускамоўны чалавек, што яго неяк дзіўна абслугоўвалі і ёсць падстава падумаць аб чарговай маркетынгавай стратэгіі. Напрыклад, зрабіць меню па-беларуску.
Па словах Анатоля, гісторыя з Burger King — гэта не першы выпадак, калі ён пакідаў у кнізе скаргаў і прапаноў запіс на беларускай мове. Да гэтага таксама здаралася, што адказ прыходзіў па-руску, але кампаніі пазней за гэта перапрашалі.
— Ды і тады я яшчэ не ведаў, што па законе мне абавязкова павінны адказваць па-беларуску, — працягвае суразмоўца. — Цяпер, калі буду атрымліваць адказы па-руску, працягну звяртацца ў выканкамы раёнаў, дзе знаходзіцца мясціна, дырэктар якой даслаў мне ліст па-руску.