Пасля скандальнага інтэрв’ю Святланы Алексіевіч, якое апублікаваў «Рэгнум», у атаку на беларускую пісьменніцу пайшлі расійскія пранкеры.

Да нобелеўскай лаўрэаткі дазваніліся вядомыя пранкеры Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў, больш вядомыя як «Ваван і Лексус».

Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў.

Уладзімір Кузняцоў і Аляксей Сталяроў.

Гісторыя пранкераў — добры прыклад таго, як расійская дзяржава набірае сабе новых салдатаў інфармацыйнай вайны. Кузняцоў і Сталяроў пачыналі з тролінгу знакамітасцяў, а пасля перайшлі на палітыкаў. Яны «разводзілі» Аляксандра Лукашэнку, прэзідэнта Турцыі Эрдагана. Апошнім часам пранкеры падаюць сабе як грамадскіх дзеячаў, яны рэагуюць на «парадак дня», тэлефануючы тым, чыя пазіцыя не супадае з патрэбнай Расіі, за што Кузняцова і Сталярова падазраюць у сувязях з Крамлём і ФСБ. Да таго ж, Ваван і Лексус нават мелі сваю перадачу на тэлеканале НТВ.

Алексіевіч яны паведамілі, што яна нібыта размаўляе з міністрам культуры Украіны.

У размове пісьменніца зноў выказалася аб неабходнасці дэрусіфікацыі Украіны, падтрымала дэкамунізацыю і знос савецкіх помнікаў. На прапанову з’ездзіць у зону АТА Святлана Алексіевіч адказала станоўча.

У прынцыпе, нічога асаблівага новага ці нечаканага з вуснаў пісьменніцы не прагучала. Яна гэтых сваіх пазіцый ніколі не хавала. Аднак расійскія СМІ ўжо пачалі абурацца «жорсткай ультраправай рыторыкай» Алексіевіч.

Сама пісьменніца пацвердзіла, што ёй тэлефанавалі. Але ж расійскія СМІ, якія цяпер захапляюцца з нагоды пранка, не паведамляюць, што Алексіевіч тэлефанавалі два разы.

«Спачатку патэлефанавалі нібыта ад міністра культуры Украіны, так. Я паверыла. А пасля нібыта званіў Дварковіч [Аркадзь Дварковіч, намеснік старшыні ўрада Расіійскай Федэрацыі — НН], там абяцалі нейкі ордэн Дружбы… Я ўжо не паверыла, спачатку проста назірала за гульнёй, а пасля рассмяялася, — распавяла «Нашай Ніве» Святлана Алексіевіч. — Але ў той размове з «міністрам культуры» я нічога не сказала такога, чаго саромелася б. Мае погляды не мяняюцца.

У Расіі сёння не хочуць чуць праўду. І гэты шлейф у Расіі вакол мяне — жаданне адказаць, жаданне абліць брудам фігуру, якая перашкаджае. Звычайны прыём».

Агулам, цкаванне Алексіевіч у Расіі пачынае нагадваць колішнія кампаніі па дыскрэдытацыі іншых лаўрэатаў Нобелеўскіх прэмій, крытычных да тагачаснай улады: акадэміка Сахарава, пісьменнікаў Пастарнака, Салжаніцына і Бродскага. У той жа час лаўрэаты-сімпатызанты, як фізік Алфёраў, пісьменнік Шолахаў, жылі сабе спакойна. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?