Паўночнакарэйская дзяржаўная кампанія Mangyongdae Information Technology Corporation пачала выпуск і продаж смартфона Jindallae 3, які знешне амаль не адрозніваецца ад iPhone, паведамляе Daily Mail. 

На жаль, пра характарыстыкі гэтага цуда паўночнакарэйскай прамысловасці нічога невядома. Есць толькі заява ад распрацоўшчыкаў, якія паведамляюць, што «група даследчыкаў ідзе следам за імкненнем Партыі развіваць высокія тэхналогіі». Таксама вытворцы сцвярджаюць, што тэлефон быў цалкам распрацаваны і выраблены ў КНДР. Хаця па дызайне ён амаль не адрозніваецца ад iPhone, і аналітыкі мяркуюць, што Jindallae 3 быў створаны за межамі Паўночнай Карэі на ўзор кітайскіх мадэляў.

Смартфон мае набор стандартных дадаткаў, такіх як калькулятар, картачную гульню, інтэрнэт-браўзер, музычны плэер, праграму для прагляду фота, а таксама дадатак «Укрыццё», пра які нічога невядома.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі паўночнакарэйскія распрацоўшчыкі капіруюць прадукты Apple. Увесну кампанія Mangyongdae Information Technology Corporation таксама выпусціла ўласны планшэт пад назвай Ryonghung iPad. У 2015 годзе ў Пхеньяне пачаўся продаж манаблокаў, якія знешне нагадваюць iMac. Акрамя таго, у КНДР стварылі аперацыйную сістэму Red Star OS на базе Fedora Linux, якая амаль цалкам капіруе інтэрфейс Mac OS X. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?