Апеляцыйны суд у Нідэрландах пакінуў у сіле вырак, у адпаведнасці з якім дзяржава Нідэрланды часткова нясе адказнасць за забойства каля 350 баснійскіх мусульман падчас разні ў Срэбраніцы ў 1995 годзе. Атрад галандскіх міратворцаў перадаў мужчын апалчэнню баснійскіх сербаў, якія і забілі мусульман, піша ВВС.

Баснійскія мусульмане з бліжэйшых паселішчаў сцягваліся ў Срэбраніцу ў пошуку прытулку пасля таго, як баснійскія сербы пачалі кампанію па этнічнай чыстцы. Каля 20 тысяч уцекачоў прыбылі ў Срэбраніцу пад абаронай нідэрландскага кантынгенту міратворцаў ААН.

У ліпені 1995 года войска баснійскіх сербаў уварвалася на тэрыторыю Срэбраніцы.

У ходзе ўварвання сербы забілі каля 8 тысяч мужчын і хлопчыкаў з мусульманскіх сем'яў. Разня ў Срэбраніцы стала найбуйнейшым масавым забойствам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

350 мужчын і юнакоў былі сярод прыкладна 5000 мусульманскіх бежанцаў, якія знаходзіліся пад аховай кантынгенту на базе ААН у вайсковай часці Патачары. Асноўную частку бежанцаў складалі жанчыны і дзеці. Сербы запатрабавалі выдаць ім юнакоў і мужчын, заявіўшы, што хочуць іх дапытаць, але на самой справе забілі.

Кантынгент міратворцаў складаў 600 чалавек, узброеных стралковай зброяй. Войскі «Рэспублікі Сербскай», якія акружылі Срэбраніцу, у сваім распараджэнні мелі артылерыю.

Як пастанавіў суд, кантынгент ААН, які прадстаўляў дзяржаву Нідэрланды, ведаў, што мусульманам, якіх перадаюць сербам, пагражала небяспека. Нягледзячы на гэта, ваенныя вырашылі выправадзіць іх за межы бяспечнай зоны з мэтай прадухіліць хаос унутры вайсковай часці ў Патачары. Выдаўшы мужчын, яны працягнулі эвакуацыю бежанцаў, якія засталіся, у горад Тузла.

Суд у Галандыі ў 2014 годзе ўжо пастанавіў, што Нідэрланды нясуць адказнасць за забойства апалчэнцамі Ратка Младзіча больш за 300 баснійскіх мусульман у Срэбраніцы.

Апеляцыя на прысуд была пададзеная арганізацыяй «Маці Срэбраніцы». Актывісты гэтай арганізацыі былі расчараваныя рашэннем суда, у якім гаварылася аб тым, што да смерці астатніх тысяч загінулых у ходзе разні ў Срэбраніцы Галандыя дачынення не мае.

Адказнасць за масавыя забойствы ў Срэбраніцы прызналі ўлады Босніі і Герцагавіны. Акрамя таго, асудзіў разню парламент Сербіі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру