Камп'ютары дзясяткаў арганізацый ва Украіне і Расіі падвергліся атацы віруса-шыфравальшчыка, падобнага да WannaCry. Праблема закранула і беларускіх карыстальнікаў — пакуль вядома аб адзінкавых выпадках заражэнняў у нашай краіне, піша Tut.by.

Украіна і Расія — сапраўдная эпідэмія

Вірус называецца Petya.A. Заражаныя камп'ютары нечакана перазагружаюцца, на экране з'яўляецца паведамленне аб тым, што файлы на цвёрдых дысках зашыфраваныя. Для іх расшыфроўкі нібыта патрабуецца адправіць 300 даляраў на адрас біткойн-кашалька.

Днём 27 чэрвеня стала вядома, што вірус заразіў камп'ютары работнікаў сетак «Укрэнерга» і ДПЭК — найбуйнейшых энергетычных кампаній Украіны. Пазней хакерская атака закранула камп'ютары ў кабінеце міністраў Украіны, лагістычнай кампаніі «Нова Пошта», «Ощадбанке», «Укртелекоме», аэрапорце «Барыспаль», кіеўскім метрапалітэне, Украінскай чыгунцы і Чарнобыльскай АЭС.

Пазней аб «магутнай хакерскай атацы» на свае серверы распавяла расійская «Роснефть». Таксама заражэнне пацвердзілі ў расійскім офісе кампаніі Mondelez, вытворцы шакаладу Alpen Gold і Milka. Паводле даных крыміналістычнай лабараторыі Group-IB, ад віруса пацярпелі больш за 80 кампаній у Расіі і Украіне.

vk.com/vedomosti.ru

У Беларусі — адзінкавыя выпадкі

Атака закранула і беларусаў. У групе кампаній «АЛЮТЭХ» пацвердзілі, што вірус заблакаваў усе камп'ютары. Па непацверджаных даных, такі ж вірус заўважылі на экране камп'ютара ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод».

На самім заводзе распавялі, што з камп'ютарамі сапраўды ёсць праблема, але не змаглі ўдакладніць, якая менавіта. Па словах спецыяліста, цяпер на прадпрыемстве працуюць над яе вырашэннем.

«Звароты, якія датычацца такіх заражэнняў, у наш адрас адзінкавыя, — паведамілі ў Нацыянальным цэнтры рэагавання на камп'ютарныя інцыдэнты. — Хвалі заражэння дадзеным шыфравальшчыкам на тэрыторыі нашай краіны мы не назіраем».

Нагадаем, па падобным прынцыпе працаваў вірус-шыфравальшчык WannaCry, які атакаваў тысячы камп'ютараў па ўсім свеце ў маі 2017 года. Максімум нападаў прыйшоўся на Расію, Украіну, Кітай і Індыю. Агулам заражэнні зафіксавалі ў 150 краінах свету. Падчас эпідэміі WannaCry не было зафіксавана ні аднаго пацверджанага выпадку заражэння камп'ютараў беларусаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру