Беларускія ВНУ атрымалі даручэнне ўрада аб тым, што ўсе выпускнікі павінны быць працаўладкаваныя. Універсітэтам і інстытутам трэба «дадаткова прапрацаваць» пытанне і «забяспечыць стапрацэнтнае размеркаванне». У рэдакцыю Tut.by напісалі абураныя выпускнікі БДУ — даведку аб свабодным працаўладкаванні некаторых падпісалі яшчэ ў красавіку, а распісацца за іх не даюць, патрабуючы заяўку ад працадаўцы.

Студэнты БДУ даслалі фатаграфіі лістоў, якія паказваюць на іх факультэце. Гэта даручэнне ўрада аб тым, што працаўладкаванне выпускнікоў павінна быць стапрацэнтным, і ВНУ трэба забяспечыць стапрацэнтнае размеркаванне.

«Мы, мякка кажучы, абураныя. Канчатковае размеркаванне адбылося ў красавіку, а папярэдняе было ў сакавіку. У красавіку ў прысутнасці ўсёй камісіі быў падпісаны загад аб прадастаўленні даведкі аб свабодным працаўладкаванні. У гарадах, куды павінны былі размеркаваць, не было вакансій. Цяпер, за тыдзень да выпуску, нам тэлефануюць і кажуць, што свабодны дыплом даваць нельга і нас трэба размеркаваць. Просяць прынесці заяўкі ад кампаній, дзе мы цяпер працуем, — распавядае адзін са студэнтаў. — У палажэнні аб размеркаванні ёсць 7-ы артыкул, паводле якога месца размеркавання мы павінны ведаць як мінімум за два месяцы да выпуску. А дыплом атрымліваць ужо ў канцы тыдня».

Студэнт распавядае: у ВНУ ад хлопцаў, у якіх ужо ёсць права на «свабодны дыплом», патрабуюць прынесці заяўку на размеркаванне ад працадаўцы. Пры гэтым выкладчыкі не хаваюць: ад некаторых прыватных кампаній заяўкі прымаць не будуць.

«Незразумела, што цяпер будуць рабіць з загадамі аб нашым размеркаванні, якія былі падпісаныя яшчэ ў красавіку, — непакояцца студэнты. — Падпісваць новыя задняй датай? У распараджэнні сказана, што ўсім выпускнікам павінны даць статус маладога спецыяліста і адпаведныя льготы. Мы гатовыя напісаць заяву, што добраахвотна ад ільгот і статусу адмаўляемся і ні да каго прэтэнзій не маем. Але такі варыянт таксама не задавальняе ўніверсітэт».

Начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч факт правядзення ўстановамі вышэйшай адукацыі працы па стопрацэнтным размеркаванні і наяўнасці адпаведных даручэнняў Міністэрства адукацыі пацвярджае.

«Ужо на працягу як мінімум двух гадоў і ўрад, і міністэрства, і ўніверсітэты імкнуцца забяспечыць усіх бюджэтнікаў працоўнымі месцамі, — адзначае Сяргей Каспяровіч. — Калі ў чалавека ёсць льгота, напрыклад, калі жонка едзе да мужа, ці муж да жонкі едзе туды, дзе няма працы, — вядома, такі студэнт атрымлівае даведку аб самастойным працаўладкаванні. Законныя правы на льготу ніхто не адбірае. Але тых выпускнікоў, якія атрымалі адукацыю за бюджэтныя сродкі і якія падлягаюць размеркаванню, імкнуцца працаўладкаваць».

Вясновыя рашэнні аб «свабодных дыпломах» прадстаўнік Міністэрства адукацыі называе «папярэднімі».

«Можна выказаць здагадку, што гэтыя рашэнні прымаліся з-за недастатковай колькасці месцаў на момант правядзення папярэдняй працы па размеркаванні. Размеркаванне фактычна да выпуску можа весціся. Больш за тое, ніхто не адмяняў пераразмеркаванне».

Выпускнікам, якія ўжо самі ўладкаваліся на працу, Сяргей Каспяровіч прапануе не хвалявацца, а прасіць у працадаўцаў заяўкі на размеркаванне.

«Працаўладкаванне па размеркаванні — гэта яшчэ і сацыяльныя гарантыі. Калі чалавек працуе па размеркаванні — яго не могуць звольніць, калі ён не парушае працоўнае заканадаўства. Гэта клопат дзяржавы. Тое, што ва ўрада і Міністэрства адукацыі ёсць жаданне працаўладкаваць усіх — нічога дрэннага няма ў сітуацыі, калі няма лішку працоўных месцаў у асобных сектарах эканомікі».

Што ж рабіць тым выпускнікам са свабодным дыпломам, якія ўжо знайшлі працу ў недзяржаўных кампаніях? Па словах Сяргея Каспяровіча, ВНУ не маюць права не прымаць заяўкі на размеркаванне ад прадпрыемстваў прыватных формаў уласнасці.

«Заяўкі прымаюцца ад арганізацый усіх формаў уласнасці: прыватнай, дзяржаўнай, змешанай. Іншая справа, калі заявак залішняя колькасць, спачатку задавальняюцца замовы базавых арганізацый, потым тых, дзе студэнты былі на практыцы, потым усіх астатніх. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам аб адукацыі усе арганізацыі ў гэтым плане роўныя, усе маюць права на выпускніка. Але мяркую, што сітуацыі з лішкам заявак там, дзе іх не хапала на стадыі папярэдняга размеркавання, цяпер няма».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру