З 1 ліпеня 2017 года ўступае ў сілу чацвёртая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадастаўленні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь», паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі (УГіМ) ГУУС Мінгарвыканкама.

«Кожны чалавек, які ратуецца ад пераследу або гвалту, мае права прасіць абарону ў Рэспубліцы Беларусь, — адзначыў начальнік УГіМ ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Баранаў. — Замежніку можа быць дадзеная адна з прадугледжаных заканадаўствам формаў абароны: статус бежанца, дадатковая абарона або прытулак. З 1 ліпеня пытанне аб наданні адной з формаў абароны або адмове ў іх будзе разглядацца ў рамках адзінай працэдуры, якая доўжыцца 6 месяцаў. Раней яна магла працягвацца да аднаго года, а з заявай аб прадастаўленні прытулку замежнік мог звярнуцца толькі ў рамках асобнай працэдуры. Новы падыход спросціць працэс атрымання абароны для тых, хто яе сапраўды варты».

У закон унесеныя змены, што паляпшаюць прававое становішча іншаземцаў, якія хадайнічаюць аб абароне, і замежнікаў, якім ужо адна з формаў абароны прадастаўленая. Так, напрыклад, вырашанае пытанне медыцынскага абслугоўвання грамадзян Украіны, якім дадзеная дадатковая абарона (маюць права на часовае пражыванне ў Беларусі). Раней у сувязі з нормамі міжнароднага пагаднення гэтай катэгорыі замежнікаў бясплатна аказвалася толькі хуткая і неадкладная медыцынская дапамога. Цяпер яны атрымаюць права на медыцынскае абслугоўванне нароўні з замежнікамі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне.

«Любы іншаземец, які мае патрэбу ў абароне, можа звярнуцца з хадайніцтвам аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі АУС, размешчанае на тэрыторыі той вобласці, дзе ён пражывае, — працягнуў Баранаў. — Для замежнікаў — жыхароў сталіцы гэта УГіМ г. Мінска. Канчатковае рашэнне па хадайніцтве аб абароне прымаецца Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь».

Па дадатковую дапамогу кансультатыўнага або гуманітарнага характару іншаземец таксама можа звярнуцца ў недзяржаўныя структуры: Прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь, Службу па кансультаванні бежанцаў, Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, Міжнародную арганізацыю па міграцыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру