29 чэрвеня ў 16:00 у судзе Ленінскага раёна г. Магілёва адбудзецца разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах магілёўскага журналіста Уладзіміра Лапцэвіча. Разглядаць справу будзе суддзя Літвінава.

Журналіста абвінавачваюць па ч. 2. арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Толькі ўчора Уладзімір Лапцэвіч атрымаў паведамленне з Ленінскага РАУС г. Магілёва аб тым, што справа аб адміністрацыйным правапарушэнні накіраваная ў суд. Такое хуткае прызначэнне даты разгляду справы журналіст звязвае з тым, што тэрмін адказнасці па аднаму з інкрымінуемых яму правапарушэнняў сыходзіць 30 чэрвеня.

Нагадаем, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва склалі на Уладзіміра Лапцэвіча 7 асобных пратаколаў за кожны матэрыял, які быў апублікаваны ў тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва» за апошнія два месяцы.

Магілёўскія журналісты лічаць, што гэта адміністрацыйная справа — своеасаблівая помста Лапцэвічу за яго актыўную пазіцыю па прадухіленні парушэнняў заканадаўства ў адносінах да журналістаў з боку магілёўскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?