Ужо больш за месяц прайшло з моманту забароны ва Украіне расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў «Укантакце», «Аднакласнікі», «Яндэкс» і «Mail.Ru». Украінскае выданне «Економічна правда» прааналізавала, як гэтая забарона паўплывала на наведвальнасць гэтых сайтаў.

Цяпер наведвальнасць расійскай сацыяльнай сеткі «Укантакце» складае каля 3,8 млн унікальных візітаў з дэсктопаў у дзень. Да ўвядзення санкцый гэты паказчык складаў каля 9,8 млн. Такім чынам, аўдыторыя гэтай сацыяльнай сеткі скарацілася прыкладна на 61%.

Наведвальнасць «Аднакласнікаў» зменшылася на 64% — з 4,6 млн да 1,6 млн візітаў у дзень.

Скарачэнне памеру ўкраінскай аўдыторыі «Яндэкса» дасягнула 65% — з 5,9 млн да 2 млн візітаў у дзень.

Інтэрнэт-партал Mail.Ru страціў 55% украінскай аўдыторыі. Колькасць унікальных наведванняў скарацілася з 4,9 млн да 2,2 млн.

Статыстыка ўлічвае пераходы на сайты з дэсктопных прылад. Яна таксама ўключае тых карыстальнікаў з Украіны, якія заходзілі на заблакаваныя рэсурсы з дапамогай VPN.

У якасці альтэрнатывы расійскім сацсеткам ва Украіне пачалі ствараць шматлікія ўнутрыўкраінскія аналагі: UkrOpen, Ц.укр, Ukrface, Ukrainians і іншыя. Але ніводная з іх пакуль не наблізілася па папулярнасці да Facebook ці «Укантакце». Эксперты не думаюць, што гэтыя сацсеткі стануць паспяховымі, бо нацыянальная прыналежнасць — рэч нехарактэрная для сучасных сацыяльных сетак, якія імкнуцца быць міжнароднымі.

У сваю чаргу поспехі іншых сацсетак куды больш відавочныя. Толькі за першыя суткі блакіроўкі штодзённая аўдыторыя Facebook вырасла на 35%. Усяго ўкраінская аўдыторыя Facebook вырасла з 6,5 млн да 9 млн карыстальнікаў. Аўдыторыя Instagram узрасла яшчэ больш — з 3,8 млн да 5,6 млн.

Нагадаем, 15 мая прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам увёў у дзеянне рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны «Пра прымяненне персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый), якія прадугледжваюць блакаванне Mail.ru, «Яндэкс», сацыяльных сетак «Укантакце» і «Аднакласнікі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?