«Гэта быў сьвядомы выбар» — намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы й дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім растлумачыла, чаму яна разам з дэпутаткай Ганнай Канапацкай ня ўнесла паправак у закон, які фактычна выкрэсьлівае беларускую мову з этыкетак беларускіх тавараў, а паехала ў Брусэль на дыскусію пра сытуацыю ў Беларусі. Алена Анісім паабяцала выступіць супраць дыскрымінацыі беларускай мовы падчас другога чытаньня паправак у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Алена Анісім:

Мы зрабілі сьвядомы выбар, бо трэба, каб пытаньне «Якая цяпер сытуацыя ў Беларусі?» гучала ў Эўропе. Будзе другое чытаньне закону, і да гэтага другога чытаньня ў нас ёсьць магчымасьць паспрабаваць унесьці неабходныя зьмены.

26 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні папраўкі ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Згодна зь імі, вытворцы абавязаныя наносіць на этыкеткі тавараў інфармацыю альбо на расейскай, альбо на беларускай мове. Пры гэтым у Эўразійскім эканамічным зьвязе, куды ўваходзіць Беларусь, расейская мова павінна прысутнічаць на этыкетках абавязкова. Новая рэдакцыя закону можа прывесьці да таго, што беларуская мова зьнікне са спажывецкага рынку.

Дыскусія пад назвай «Беларускае грамадзтва: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці?» прайшла ў Эўрапейскім парлямэнце 27 чэрвеня. Акрамя дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай, удзел у ёй прынялі беларускія праваабаронцы, лідары апазыцыйных партыяў і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0