19-гадовая жыхарка Мінесоты Моналіза Перэс падчас здымкі відэароліка для YouTube выпадкова забіла свайго 22-гадовага хлопца Педра Руіза, паведамляе ВВС.

YouTube

YouTube

Як паведамілі ў паліцыі, пара вырашыла зняць відэаролік, на якім Перэс страляе ў Руіза з пісталета праз тоўстую кнігу, палічыўшы, што яна спыніць кулю. Для свайго эксперыменту яны ўзялі энцыклапедыю ў цвёрдай вокладцы і пісталет буйнога калібра Desert Eagle.

Каб зняць ролік, маладыя людзі ўсталявалі ў пакоі дзве камеры. Сведкамі стрэлу стала трохгадовае дзіця пары і каля 30 суседзяў, тых, хто сабраўся паглядзець на «трук».

Калі Перэс стрэліла, куля прабіла кнігу і трапіла Руізу ў грудзі. Дзяўчына адразу патэлефанавала ў 911, аднак выратаваць маладога чалавека не ўдалося.

Перэс паведаміла паліцыі, што ідэя зняць такое відэа для YouTube належала Руізу. За дзень да трагедыі яна згадвала пра гэта ў сваім твітары.

«Мы з Педра, відаць, збіраемся зняць адно з самых небяспечных відэа. Гэта ЯГО ідэя, не МАЯ», — напісала дзяўчына.

Перэс сцвярджае, што малады чалавек пераканаў яе ў тым, што трук не будзе небяспечным, і ён ужо рабіў яго раней. Па словах дзяўчыны, Руіз паказваў ёй іншую кнігу, якую куля не прабіла наскрозь.

Як распавяла цётка загінулага маладога чалавека Клаўдыя Руіз, з дапамогай гэтага відэароліка пара хацела павысіць папулярнасць свайго канала на YouTube і прыцягнуць больш падпісантаў.

«Яны кахалі адно аднаго. Гэтага не павінна было адбыцца», — сказала жанчына ў інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу KVLY.

Яна таксама паведаміла, што спрабавала адгаварыць пляменніка.

Пара завяла уласны відэаблог на YouTube у сакавіку 2017 года, каб «паказаць жыццё маладых людзей, якія рана сталі бацькамі», вынікае з апісання канала.

Моналізе Перэс, якая знаходзіцца на сёмым месяцы цяжарнасці, пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі і штраф да 20 тысяч даляраў.

Дзяўчыну адпусцілі дадому пад заклад у 7 тысяч долараў. Яна паўстане перад судом 5 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?