Беларусь неабходна ператварыць у IT-краіну, адпаведная задача ўжо пастаўлена. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пленарным пасяджэнні IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі і БЕЛТА.

Кіраўнік краіны ўпэўнены, што беларуска-расійскія кантакты ў IT-сферы маглі б развівацца больш дынамічна.

«Адзначу, што больш дынамічна маглі б развівацца кантакты ў галіне інфармацыйных тэхналогій на ўжо паказаўшых сваю эфектыўнасць пляцоўках. Напрыклад, на базе шырока вядомага Парку высокіх тэхналогій у Мінску», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мабільнымі дадаткамі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ сёння карыстаюцца больш за 1 млрд чалавек у 193 краінах, звыш 90% вырабленага ў Парку праграмнага забеспячэння ідзе на экспарт у Расію і СНД, краіны Заходняй Еўропы і ЗША.

Ён таксама распавёў, што перад Беларуссю стаіць задача ператварэння ў IT-краіну.

«Мы перад сабой паставілі амбітную задачу — ператварыць Беларусь у IT-краіну. У бліжэйшы час мы прымем прававыя асновы для падобнага развіцця сітуацыі ў Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што адпаведныя дакументы распрацоўваліся сумесна беларускімі і расійскімі спецыялістамі. Яны ўжо «прадстаўлены на разгляд у вышэйшы орган улады Беларусі».

«Упэўнены, што гэта будзе наш з вамі агульны праект і ён унясе дастойны ўклад у самыя сучасныя напрамкі развіцця нашага грамадства і эканомікі», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, раней кіраўнік Беларусі анансаваў прыняцце кардынальных мер па развіцці IT-індустрыі.

«У бліжэйшай будучыні, літаральна гэтым летам, нашай дзяржавай будуць зроблены кардынальныя захады па развіцці IT-індустрыі», — сказаў 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?