Цела 59-гадовай мінчанкі Людмілы Недасека, якая адпачывала ў Балгарыі, за дзень да вылету знайшлі ў нумары гатэля. Але сям'я даведалася пра ўсё толькі на чацвёрты дзень.

«Увечары [у суботу, 24 чэрвеня] я тэлефанавала маме даведацца, ці прыляцела — тэлефон быў недаступны. У нядзелю таксама, але мы думалі яна, як звычайна, адсыпаецца пасля паездкі. Ужо ў панядзелак з міліцыяй узламалі замок у яе кватэру, там яе не было. Тады мы даведаліся праз знаёмых з авіякампаніі, што яна не садзілася на зваротны самалёт. У аўторак раніцай тыя самыя супрацоўнікі міліцыі пазванілі: маўляў, «прабілі» ў страхавальнікаў [інфармацыю], што мама памерла 24 чэрвеня», — распавяла TUT.BY дачка нябожчыцы Надзея Недасека.

Цела знайшлі ў суботу, 24 чэрвеня. Адразу паведамілі тураператару ў Балгарыі і страхавой кампаніі ў Мінск.

Балгарскі тураператар паведаміў пра гэта мінскай турфірме, якая прадала пуцёўку, толькі на трэці дзень.

У пасольстве Беларусі ў Балгарыі распавялі, што інфармацыю пра смерць беларускі атрымалі толькі раніцай у панядзелак [на трэці дзень] факсам з Міністэрства аховы здароўя Балгарыі. «Адразу ж праінфармавалі нашы МЗС і ГУУС Мінгарвыканкама. Так, накладка атрымалася. Міліцыя ў выніку паведаміла родным. Але нават у ГУУС нам казалі, што па знойдзеных тэлефонах не адразу ўдалося звязацца з роднымі», — распавялі ў пасольстве.

А страхавая кампанія інфармаваць родных не павінна. Іх праца — разгледзець выпадак (страхавы або не), а таксама выканаць свае далейшыя абавязацельствы, растлумачылі ў Белдзяржстраху.

Мінуў ужо тыдзень, але цела жанчыны яшчэ ў Балгарыі. Сям'я Недасекаў непакоіцца, ці дапамогуць страхавальнікі з кампенсацыяй выдаткаў. Прычынай смерці ужо названы «востры панкрэатыт». Сям'я баіцца, ці прызнаюць выпадак страхавым.

— Даведаліся, што напрыклад з Іспаніі прывезці цела каштуе 5 тысяч еўра. Так, з Балгарыі танней. Але ў нас няма і такіх грошай, — тлумачыць дачка памерлай.

Сям'я баіцца, што выпадак могуць не прызнаць страхавым, калі хвароба з падстраўнікавай залозай будзе прызнаная хранічнай. Або ў крыві выявяць алкаголь (што не выключана на адпачынку). Супрацоўнік Белдзяржстраху тлумачыць:

— Па стандартным варыянце страхавання, у выпадку абвастрэння хранічнага захворвання — выплата любая (лячэнне, рэпатрыяцыя) прадугледжана ў межах 10% ад страхавой сумы.

Гэта значыць, пры страхоўцы на суму 30 тысяч еўра — выплаты складуць да 3 тысяч.

А вось праз алкаголь кампанія можа адмовіць у кампенсацыі толькі, калі гэта з'яўляецца непасрэднай прычынай смерці (напрыклад, атручванне ці празмернае ўжыванне — што павінны пацвярджаць дакументы ад медыкаў, паліцыі і г.д.). Калі ж чалавек быў п'яны і ў яго здарыўся інфаркт — тут наяўнасць прычынна-следчай сувязі ўсталёўвае эксперт.

Консульства Рэспублікі Беларусі ў Балгарыі пастаянна на сувязі з сям'ёй. Сёння спадзяюцца атрымаць апошнія дакументы.

— Калі выпадак прызнаюць страхавым, то звычайна ўсе астатнія працэдуры займаюць пару дзён. Тым больш усё адбылося ў горадзе Бургас, адкуль на Мінск ёсць прамыя чартарныя рэйсы, — распавялі TUT.BY у консульскім аддзеле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?