Аляксандр Лукашэнка 4 ліпеня зрабіў важнае кадравае прызначэнне. Старшынёй Мінскага аблвыканкама стаў Анатоль Ісачэнка, хоць некаторыя выданні актыўна сваталі на гэтую пасаду дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценку. Хто ж такі гэты Анатоль Ісачэнка, пра якога так мала інфармацыі?

Нарадзіўся ў Расіі

Анатолю Ісачэнку 51 год. Ён нарадзіўся ў вёсцы Кузнец Клінцоўскага раёна Бранскай вобласці. Гэта зусім маленечкая вёска на беразе ракі Кузнечык. Школы сваёй у Кузняцы не было, Анатоль хадзіў вучыцца ў Ражноўскую школу.

Калі прыйшоў час паступаць, то Ісачэнка падаўся вучыцца ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Для Клінцоў — гэта не далёкі свет, усяго 250 кіламетраў. Да таго ж Бранску 180 км. Так што гэта не быў свядомы выбар на карысць Беларусі, а адна з самых блізкіх навучальных установаў ад месца нараджэння.

Папрацаваў у Горацкім раёне

Далейшы жыццёвы шлях Анатоля Ісачэнкі дастаткова падобны да лёса кіраўніка Беларусі. Па размеркаванні хлопца адпраўляюць працаваць інжынерам у калгас «Савецкая Беларусь» Горацкага раёна. І так лёс Ісачэнкі больш чым на 10 гадоў пераплёўся акурат з Горацкім раёнам. Ён папрацаваў галоўным інжынерам, а таксама намеснікам старшыні калгаса ў многіх гаспадарках раёна.

«Хлеб на стале — мір на зямлі. Гэтая мудрая ісціна спрадвеку служыла вяскоўцам і ўсім, хто мае дачыненне да хлеба надзённага, запаветным арыенцірам ў справах жыццёвых. Ужо потым з'явілася крылаты выраз: «Будзе хлеб — будзе і песня». Хоць, па сутнасці, гэта тое ж самае. Ёсць хлеб — значыць, заўсёды будзе пад мірным небам свята ў доме», — казаў у адным з інтэрв’ю Анатоль Ісачэнка.

Узначальваў калгас Лукашэнкі

У 2000 годзе Анатоля Ісачэнку прызначаюць дырэктарам саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна. Таго самага, адкуль на прэзідэнцтва прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Вядома, што абы-каго ў родныя мясціны Лукашэнка прызначаць не будзе, тым болей у першыя гады кіраўніцтва.

Выглядае, што працай Ісачэнкі ў «Гарадцу» былі задаволеныя, паколькі ўжо праз два гады яго забралі першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвынкама.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лёс якога быў цесна звязаны са Шклоўскім раёнам — сельскай гаспадаркай і ЖКГ, — кажа, што неаднаразова сутыкаўся з Ісачэнкам падчас працы. «Ведаеце, вельмі цяжка пра яго нешта сфармуляваць. Можна смела сказаць, што ён не выкаблучваўся. Проста працаваў і ўсё», — кажа Кастусёў.

Кар’ера ў Магілёве

Пасля Шклова Анатоля Ісачэнку на нейкі тэрмін яшчэ прызначылі пакіраваць Кіраўскім райвынкамам. А ў 2008-м адбыўся першы сапраўды істотны ўзлёт Ісачэнкі ў кар’ернай іерархіі. Яго прызначаюць намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы. Цікава, што Ісачэнку яшчэ прадстаўляў Барыс Батура, якога ў той самы год перавядуць у Савет Рэспублікі, а потым прызначаць губернатарам Міншчыны.

«Не ўсё атрымлівалася, але мы не апускалі рукі, а ўвесь час шукалі новыя падыходы да вырашэння праблем: імкнуліся паменшыць выдаткі вытворчасці, рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, умацоўваць дысцыпліну. І гэтыя меры прынеслі вынікі. Ужо на працягу шэрагу гадоў Прыдняпроўскі край намалочвае больш за мільён тон збожжавых культур», — казаў Ісачэнка.

На гэтай пасадзе Ісачэнка адпрацаваў да 2014 года, пасля чаго стаў старшынёй Магілёўскага савета дэпутатаў.

Нядоўгая праца на Міншчыне

У снежні 2016 года Ісачэнку, які ўсё жыццё быў звязаны з Магілёўшчынай, дастаткова нечакана перакідваюць у Мінскую вобласць. Ён становіцца памочнікам прэзідэнта па гэтым рэгіёне.

«Ваша задача — бачыць усё, што адбываецца ў рэгіёне. І вы актыўна павінны ўмешвацца ў працу кадраў. Не наўпрост. Праз губернатара — падказваць, дапамагаць, ні ў якім разе не падмяняючы яго. Так, вы павінны працаваць на пазітыў, у адной звязцы з губернатарам. Але ў вас свая праца, свой кірунак», — так наказваў Ісачэнку Лукашэнка.

Сам жа Ісачэнка прызнаваўся, што адчувае хваляванне ад новай пасады. З Шапірам ён быў знаёмы яшчэ ў час працы таго міністрам сельскай гаспадаркі, а Ісачэнка курырываў сельскую гаспадарку ў Магілёўскай вобласці.

Такім чынам, Анатоль Ісачэнка адпрацаваў у Мінскай вобласці ўсяго сем месяцаў перад тым, як стаць губернатарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?