Улады Гаваны маюць намер аднавіць гарадскую сетку субсідаваных «любоўных гатэляў», якія існавалі на Кубе аж да 1990-х гадоў, паведамляе ВВС.

Getty

Гарадскія ўлады тлумачаць рашэнне аднавіць гатэлі тым, што жыхарам перанаселенай Гаваны часцяком няма дзе адасобіцца, а прыватныя фірмы, якія спрабавалі заняць нішу «гатэляў на гадзіну», просяць за пакоі занадта высокую цану.

Ініцыятыва, як мяркуюць, дапаможа пакласці канец практыцы, калі жыхары кубінскай сталіцы займаюцца каханнем пад адкрытым небам.

«Пасадас», або «гатэлі кахання», існавалі на Кубе аж да 1990-х гадоў. Нумары з пагадзіннай аплатай прызначаныя для пар, якія хочуць заняцца сэксам.

У 1990-х гатэлі сталі ахвярай эканамічнага крызісу. Будынкі збяднелых «пасадас» выкарыстоўваліся як сховішча ад ураганаў.

Каментуючы ініцыятыву па аднаўленні гатэляў, у горадабудаўнічым дэпартаменце Гаваны кажуць, што ў першую чаргу разглядаюць іх як крыніцу добрых паступленняў у бюджэт.

Акрамя таго, гатэлі павінны дапамагаць адасобіцца жыхарам горада, у якім востра стаіць пытанне недахопу жылплошчы.

У Гаване існуе дэфіцыт жылля. Нярэдкія выпадкі, калі некалькі сем'яў жывуць у адной кватэры, а пары, якія разышліся, працягваюць жыць разам, таму што ім няма куды з'ехаць.

Пасля знікнення сеткі субсідаваных урадам «пасадас» на рынак выйшлі прыватныя гульцы, аднак аказалася, што іх паслугі занадта дарагія. За добра абсталяваны пакой з кандыцыянерам і камфортным ложкам яны патрабавалі ў сярэднім каля пяці даляраў, гэта значыць прыкладна шостую частку заробку сярэдняга кубінца (ён складае менш за 30 даляраў).

Парачкі, якія займаюцца сэксам — сёння звычайнае відовішча ў парках і на пляжах Гаваны.

Каментатар ў газеце Trabajadores успамінае, што першыя «пасадас» адкрыліся ў цэнтры Гаваны ў канцы XIX стагоддзя, і многія кубінцы захавалі пра іх вельмі яркія ўспаміны — «пра незабыўныя пацалункі і парцье, які клікаў каханкаў, калі іх час заканчваўся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?