Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон жадае весці сваю краіну па беларускім шляху — ва ўнутранай палітыцы, эканоміцы і збліжэнні з Расіяй. Пра гэта ён распавёў на сустрэчы з малдаванамі, што жывуць у Беларусі.

Прэзідэнт, што прыляцеў у Беларусь 12 ліпеня, пачаў сустрэчу з дыяспарай з пытання, ці хочуць людзі вярнуцца на радзіму. Некалькі чалавек з залы адказалі: «Не». Нехта крыкнуў, што хай улада спачатку ўмовы зробіць як у Беларусі. Дадон адрэагаваў:

— Я заўсёды і ў выбарчай кампаніі казаў, што я хачу, каб Малдова ў многіх рэчах была падобная на Беларусь. Я гэта казаў і Лукашэнку. Напэўна, таму ён мяне на першай сустрэчы ў Бішкеку, як толькі павітаўся, абняў і кажа: «Я бачыў, што ты казаў, што хочаш быць падобны да Лукашэнкі. Малайчына, правільна».

Дадон заявіў, што Малдове патрэбна такая ж прэзідэнцкая сістэма і жорсткая вертыкаль улады. «Тады будзе парадак», - дадаў ён.

— Хтосьці крытыкуе на Захадзе тое, што адбываецца ў Беларусі. Але вы тут жывяце, і вы гэта адчуваеце. Тое, што ўдалося захаваць у Беларусі — у эканоміцы, сацыяльнай сферы — праязджаеш па Мінску і ўсё зразумела, у параўнанні з Кішынёвам, што ў вас адбываецца.

Па словах Дадона, Малдова павінна «сябраваць з усімі». Ён прызнаў, што бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам, якім карыстаюцца малдаване, - гэта добра.

— Але без сяброўства з нашымі традыцыйнымі сябрамі Малдова не выжыве. Таму я ўпэўнены, што нам трэба стратэгічнае партнёрства з Расіяй, Беларуссю, краінамі СНД. Дрэнна ў праеўрапейскія вектары было тое, што ён антырасійскі. Не трэба было сябраваць супраць Расіі. Маёй задачай было збалансаваць замежную палітыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?