Парламентарыі гатовы выступіць з ініцыятывай аб узмацненні адказнасці дарослых дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў. Пра гэта паведаміла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Таццяна Старынская сёння на прэс-канферэнцыі «Навацыі ў сістэме сацыяльнага абслугоўвання Беларусі» ў прэс-цэнтры БелТА.

«Тыя, хто прыйшоў у парламент з сацыяльнай службы, гатовы ўнесці ініцыятыву аб тым, як павысіць адказнасць працаздольных дзяцей па доглядзе састарэлых бацькоў, — сказала Таццяна Старынская. — Па законе яны павінны даглядаць сваіх бацькоў. Але бывае, што дзеці проста прывозяць сталага чалавека ў цэнтр сацабслугоўвання і кажуць, маўляў, рабіце, што хочаце, вы — сацыяльная служба і вы павінны, і гэта пры тым, што кошт сацыяльных паслуг вельмі нізкі».

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак праінфармаваў, што кошт гадзіннага тарыфу на паслугі, якія ўваходзяць у пералік бясплатных і агульнадаступных, складае да 50 капеек. Умовы аказання сацыяльных паслуг дома залежаць ад сямейнага і матэрыяльнага становішча атрымальніка. Бясплатна паслугі прадастаўляюцца толькі адзінокім малазабяспечаным людзям. Непрацаздольным, якія маюць членаў сям'і, абавязаных па законе іх утрымліваць, паслугі аказваюць на ўмовах аплаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0