Кітайскі праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лю Сяабо памёр ва ўзросце 61 года. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру памёр 13 ліпеня ў клініцы горада Шэньян на паўночным усходзе Кітая. 

У Лю выявілі рак печані ў апошняй стадыі. Тым не менш, кітайскія ўлады адмовіліся выпусціць Лю на свабоду, проста змясцілі ў шпіталь.

61-гадовы Лю Сяабо — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2010 года. Ён адзіны ў гісторыі лаўрэат, якому ўлады не толькі не дазволілі прыехаць на яе ўручэнне, але і не дазволілі перадаць яе праз сваякоў. 

Лю сядзеў у турме з 2008 года, пасля таго як напісаў «Хартыю-08» па аналогіі з чэшскай «Хартыяй-77». Яго арыштавалі за два дні да публікацыі гэтага дакумента і асудзілі на 11 гадоў турмы за «дзейнасць, скіраваную на падрыў дзяржаўнай улады». На Нобелеўскую прэмію яго вылучылі Вацлаў Гавел і Далай-лама.

Да таго як стаць лідарам групы інтэлектуалаў, што патрабавалі свабоды, Лю працаваў прафесарам Пекінскага ўніверсітэта. Ад 2003 года ён некалькі гадоў узначальваў Кітайскі ПЭН-цэнтр. У 1980-я і 1990-я яго арыштоўвалі на адносна кароткія тэрміны (паўгода, паўтара года, тры гады). У 2008-м яго пасадзілі надоўга.

Рак у Лю дыягнаставалі на вельмі позняй стадыі. Некалькі дзяржаў свету і шэраг вядомых людзей заклікалі Пекін дазволіць Лю выехаць на лячэнне за мяжу, аднак улады адмовілі. Прафесара проста перавялі з турмы ў турэмную бальніцу.

У Кітаі многія не вераць, што рак у Лю ўзнік і хутка развіўся сам сабой. Людзі таксама адзначаюць, што ў групы іншых зняволеных апазіцыянераў амаль сінхронна пачаліся праблемы з крывяным ціскам.

Лю Сяабо называў кітайскую сістэму бесчалавечнай і выступаў за пераход Кітая да дэмакратыі заходняга тыпу, за права народу выбіраць уладу.

Ягоная жонка, паэтка, мастачка і паплечніца ў змаганні, 56-гадовая Лю Ся ад 2010 года сядзіць пад хатнім арыштам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?