20-гадовы работнік фермы Зак Мітчэл пацярпеў ад дзеянняў раз'юшанага быка: хірургі не змаглі выратаваць вялікі палец на правай руцэ аўстралійца, таму скарысталіся яго аналагам на назе ў якасці замены, піша ВВС.

Мітчэл атрымаў траўму яшчэ ў красавіку, калі бык з сілай уціснуў яго руку ў агароджу загону.

Як заўважыў сам Мітчэл, непасрэдна пасля інцыдэнту яго калегі па ферме ў Заходняй Аўстраліі спрабавалі выратаваць палец, кінуўшы яго ў кулер з лёдам.

Зака перавезьлі на верталёце ў сталіцу штата — Перт.

Мітчэлу давялося за тры месяцы перанесці дзве няўдалыя аперацыі, у ходзе якіх лекары дарэмна спрабавалі вярнуць адарваны палец на месца. Аднак затым хірургі знайшлі нетыповае выйсце: яны пераканалі юнака, што перасадка вялікага пальца нагі верне яго далоні згубленую функцыянальнасць.

Мітчэл спачатку аднекваўся і доўга разважаў, але потым пагадзіўся, і два тыдні таму ў Сіднэйскай вочнай бальніцы прайшла рэдкая аперацыя, якая доўжылася больш за восем гадзін.

Галоўны пластычны хірург бальніцы Шон Ніклін не быў здзіўлены тым, што работніку фермы спатрэбілася столькі часу на роздумы.

«На першы погляд, гэта вар'яцкая ідэя — пацыенты не хочуць, каб калечылі іншую частку іх цела. Але нават з чатырма працоўнымі пальцамі [рукі] вам будзе не хапаць «заціску» для паспяховага захопу чаго-небудзь, і ваша далонь страціць значную частку сваёй функцыянальнасці», — падкрэсліў доктар Ніклін.

Цяпер Мітчэла чакаюць 12 месяцаў рэабілітацыі, але ён хоча вярнуцца да працы з быдлам.

У бальніцы асабліва падкрэслілі, што перасадка цэлага вялікага пальца — вельмі нестандартная практыка на дадзены момант, аднак трансплантацыі яго фрагментаў ужо ўвайшлі ў штодзённасць пластычнай хірургіі.

«Многія баяцца, што [пры перасадцы пальца нагі] іх хада і прамахаджэнне пацерпяць, аднак, як правіла, гэта не так», — супакойвае доктар Ніклін.

Карэн Мітчэл — маці пацярпелага Зака — радуецца, што яе сын хутка ідзе на папраўку: «Два тыдні прайшло з аперацыі, а ён ужо амаль як раней ходзіць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру