1. Robobuilder 5720T

Гэты маленькі робат вышынёй 30 см наўрад ці дапаможа вам у сур’ёзнай справе, бо ён створаны ў адукацыйных і забаўляльных мэтах. У камплекце да робата ідуць 16 прывадных модуляў і шмат іншых дробязей накшталт светадыёдаў. Усталяваўшы на смартфон спецыяльны дадатак, можна праграмаваць робата выконваць розныя дзеянні, тым самым пашыраючы свой досвед стварэння алгарытмаў.

2. UXA90

Гэты хлопец вышынёй адзін метр ужо куды цікавейшы для робатабудаўнікоў з досведам. Машына мае ўбудаваны камп’ютар і даволі цікавыя фунцыі, такія як захаванне раўнавагі пры дапамозе ўбудаванага гіраскопа і магчымасць трымаць прадметы ў сваіх верхніх канечнасцях. Ён нават можа згуляць з вамі ў мяч і ўвогуле рабіць усё, на што вы здольныя яго запраграмаваць.

3. Nao

Гэты сімпатычны робат быў створаны ў Францыі. Найноўшая яго версія, Nao Next Gen, з'явілася ў снежні 2011 года. Мае рост 58 см і шырока выкарыстоўваецца ў розных навучальных установах свету ў якасці аднаго з найбольш сучасных праграмуемых робатаў. Гэты робат здольны размаўляць з вамі на некалькіх дзясятках моваў, а калі яго пагладзіць, абавязкова падзякуе вам, бо мае шмат сенсараў на сваёй паверхні.

4. Asimo

Калі папярэднія робаты адносіліся да класу праграмуемых машын, гэта значыць здольных выконваць толькі вашую праграму, робат Asimo, які распрацоўваецца канцэрнам Honda, з’яўляецца ўжо самым сапраўдным робатам-андроідам. Робаты-андроіды, або робаты-гуманоіды, — сінтэтычныя арганізмы, якія прызначаныя для таго, каб выглядаць і дзейнічаць як людзі. Асіма можа хадзіць, бегаць, выконваць працы па гаспадарцы, прыносіць вам каву… Вось толькі купіць вы яго не зможаце, бо кампанія Honda яго не прадае.

5. Valkyrie

Назва робата ўзята са скандынаўскае міфалогіі. Як паведамляецца на сайце агенцтва NASA, якое стварыла Валькірыю, гуманоід прызначаны, каб быць надзейным, трывалым, цалкам чалавекападобным робатам, здольным працаваць у інжынерным асяроддзі. Ён можа працаваць ад батарэі гадзіну (што шмат), мае 44 ступені свабоды, можа вярцець галавою, тулавам, і здольны дапамагаць у надзвычайных становішчах. Асобна навукоўцамі распрацоўвалася спецыяльная эластычная «вопратка», якая надае робату як мага больш вольнасці рухаў.

Чытайце таксама: «Разумная калонка выклікала паліцыю падчас сямейнай сваркі»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?