Урад Італіі, які імкнецца спыніць паток мігрантаў у краіну, распрацаваў праект кодэкса паводзінаў для няўрадавых арганізацый (НДА), якія падбіраюць мігрантаў у Міжземным моры, паведамляе УНІАН са спасылкай на Reuters.

Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні прэзентуюць праект кодэкса, які складаецца з 11 пунктаў для прыкладна дзевяці НДА, якія рэгулярна размяшчаюць свае выратавальныя судны ў міжнародных водах недалёка ад узбярэжжа Лівіі.

Калі якая-небудзь з арганізацый адмовіцца прыняць прапанаваныя ўмовы, яе плаўсродкам могуць забараніць заходзіць у італьянскія парты, і яны вымушаныя будуць высаджваць выратаваных мігрантаў у іншых краінах.

Сярод прапанаваных новых патрабаванняў утрымліваецца забарона на званкі або светлавыя сігналы, якія могуць сігналізаваць гандлярам людзьмі аб тым, што яны могуць выштурхоўваць лодкі з мігрантамі ад берага ў мора. На лодках НДА таксама прапануецца размяшчаць праваахоўнікаў, якія будуць дапамагаць выяўляць гандляроў людзьмі сярод мігрантаў. Таксама НДА хочуць забараніць перасаджваць мігрантаў на іншыя судны, пакінуўшы ім магчымасць самастойна высаджваць мігрантаў у партах.

Арганізацыі Amnesty International і Human Rights Watch, якія атрымалі праект дакумента, падкрэслілі, што гэтыя прапановы могуць аказаць негатыўны ўплыў на місіі НДА. «Спробы абмежаваць пошукавыя і выратавальныя аперацыі НДА пагражаюць тысячам жыццяў, абмяжоўваючы доступ выратавальных судоў у небяспечныя воды паблізу Лівіі», — сказала старшы дырэктар Amnesty International Іверна Макгоўэн.

Паводле даных міністэрства ўнутраных спраў, па стане на сераду, у бягучым годзе ў Італію прыехала 85 217 мігрантаў, што на 8,9% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?