Амерыканскія біёлагі ўпершыню змаглі замарозіць і размарозіць эмбрыён рыбы-зебры, што адкрывае дарогу для захавання выміраючых відаў і стварэння новых спосабаў барацьбы з бясплоддзем. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе ACS Nano, піша ria.ru.

«Нягледзячы на велізарныя поспехі ў замарозцы ствалавых і палавых клетак, навукоўцы ўжо больш за 60 гадоў беспаспяхова б'юцца над праблемай замарозкі эмбрыёнаў рыб і іншых пазваночных істот. Гэтаму перашкаджалі і вялікія памеры эмбрыёнаў, і тое, што іх клеткі трэба запаўняць спецыяльнымі малекуламі-«антыфрызамі», многія з якіх з'яўляюцца таксічнымі», — пішуць Джон Бішаф з універсітэта Мінесоты ў Мінеапалісе (ЗША) і яго калегі.

Яны некалькі гадоў працуюць над стварэннем тэхналогій замарозкі і размарозкі органаў і ўзораў жывых тканак і клетак, якія дазваляюць вырошчваць і назапашваць органы для экстраннай перасадкі або рашэння якіх-небудзь іншых медыцынскіх або біялагічных задач.

У сакавіку гэтага года каманда Бішафа вырашыла гэтую задачу. Аказалася, што замарожаныя органы можна вяртаць да жыцця і вызваляць ад лёду пры дапамозе асаблівых наначасціц, якія награваюцца да звышвысокіх тэмператур пры апрамяненні лазерам. Гэтыя наначасціцы паглынаюць святло або мікрахвалевае выпраменьванне і пераўтвараюць іх у цяпло, раўнамерна размяркоўваючы яго па замарожаным біяўзоры і прадухіляючы з'яўленне расколін.

Праверыўшы тэхналогію на невялікіх узорах тканкі, біёлагі вырашылі пайсці далей і паспрабавалі выкарыстаць гэтыя наначасціцы, якія ўяўляюць з сябе мікраскапічныя слупкі з золата вышынёй прыкладна ў 110 нанаметраў, для «ўваскрашэння» эмбрыёнаў рыб-зебр (Danio rerio), замарожаных шляхам апускання ў чан з вадкім азотам.

Як паказалі гэтыя эксперыменты, частка эмбрыёнаў выжыла і змагла развіцца ў нармальных малявак рыбы-зебры, здольных самастойна перасоўвацца. Гэта пацвердзіла, што эмбрыёны пазваночных істот сапраўды можна замарожваць, а затым вяртаць да жыцця.

Як мяркуюць Бішаф і яго калегі, дадзеную методыку ўжо цяпер можна выкарыстоўваць для стварэння банкаў біялагічнай разнастайнасці, у якіх будуць захоўвацца ўжо аплодненыя эмбрыёны рэдкіх і выміраючых відаў рыб, а таксама птушак, рэптылій і земнаводных. Пасля чалавецтва зможа выкарыстаць іх для ліквідацыі наступстваў шостага масавага вымірання жывёл, якое пачалося ў сучасную гістарычную эпоху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?