Большасць расіян выступае супраць штрафаў і арыштаў за лаянку матам дома, вынікае з вынікаў апытання, праведзенага фондам «Грамадская думка» (ФГД). Падтрымалі законапраект менш за траціну расіян (28%), супраць такой нормы выступілі 64% расіян, яшчэ 8% не змаглі вызначыцца з адказам, піша ВВС.

Ідэю дэпутатаў Дзярждумы прыраўняць нецэнзурную лаянку ў сям'і да дробнага хуліганства часцей за іншых не ўхваляюць маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў.

Сацыёлагі ФГД папрасілі рэспандэнтаў растлумачыць, чаму яны ўхваляюць ініцыятыву дэпутатаў або не падтрымліваюць яе. Прыхільнікі пакарання за мат у сям'і перажываюць, што нецэнзурныя выразы будуць паўтараць дзеці (яны «хутка дрэнныя словы ўлоўліваюць»), і лічаць, што «мацюкацца — гэта дрэнна».

Праціўнікі адказнасці за нецэнзурную лаянку ў жылых памяшканнях адзначаюць, што, па-першае, дом — асабістая прастора і ўмяшанне ў яго недапушчальнае, па-другое, законапраект — «абсурд і поўнае трызненне», і, па-трэцяе, выкананне гэтай нормы «немагчыма пракантраляваць».

У цэлым 73% рэспандэнтаў прызнаюцца, што так ці інакш ўжываюць нецэнзурныя выразы — з іх 57% рэдка, 16% часта. Толькі 26% апытаных заявілі, што ніколі не мацюкаюцца. Пры гэтым 62% лічаць мат у мове «недапушчальным ні пры якіх абставінах», а 36% мяркуюць, што часам нецэнзурна можна вылаяцца.

Выкарыстоўвае нецэнзурную лаянку і Уладзімір Пуцін — ён прызнаўся ў гэтым у час «Прамой лініі» ў 2016 годзе. «Так, я лаюся. Толькі на сябе. Дарма, я вядома, гэта сказаў. Але ў Расіі ёсць такі грэх. Адмолім», — сказаў кіраўнік РФ.

Пад законапраектам, які робіць больш жорсткімі пакаранне за дробнае хуліганства, уключаючы нецэнзурную лаянку ў жылых памяшканнях, падпісаліся дэпутаты-адзінаросы Дзмітрый Вяткін і Валянціна Церашкова, а таксама упаўнаважаны па правах чалавека ў Расіі Таццяна Маскалькова.

Яны прапануюць перапісаць артыкул аб дробным хуліганстве ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама павялічыць у два разы штрафы па гэтым артыкуле. За дробнае хуліганства грамадзянам будзе пагражаць штраф у 1-2 тысячы расійскіх рублёў (каля $17-34) або арышт на тэрмін да 15 сутак.

Акрамя таго, законапраект уводзіць адказнасць за паўторнае ўчыненне дробнага хуліганства, чаго няма ў цяперашняй рэдакцыі кодэкса. За рэцыдыў грамадзянам будзе пагражаць штраф у памеры ад 3 да 5 тысяч рублёў або арышт на тэрмін да 15 сутак.

Законапраект парламентарыі ўнеслі ў Дзярждуму яшчэ ў 2014 годзе, Маскалькова тады была дэпутатам ад «Справядлівай Расеі». Пры гэтым разглядаць заканадаўчую ініцыятыву пачалі толькі цяпер, у 2017 годзе. Сааўтар праекта Дзмітрый Вяткін падчас абмеркавання дакумента на пасяджэнні думскага камітэта па заканадаўстве патлумачыў гэта проста: «Так атрымалася».

Камітэт у выніку рэкамендаваў прыняць законапраект у першым чытанні. Зрэшты, пазней кіраўнік камітэта Павел Крашаніннікаў сказаў, што разгляд дакумента адкладуць з-за сур'ёзнага грамадскага рэзанансу.

А ў пятніцу спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што законапраект можа пагоршыць «маральны клімат у сям'і» і мае патрэбу ва ўсебаковым абмеркаванні перад разглядам Дзярждумай. Ён дадаў, што сам «хутчэй супраць, чым за» штрафы і арышты за мат дома.

Акрамя таго, спікер мяркуе, што правапрымяняльная практыка гэтага законапраекта можа выклікаць масу пытанняў. Тым не менш дума, па яго словах, усё роўна дойдзе да разгляду законапраекта, бо не рабіць гэтага нельга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?