Заміж бесклапотнага жыцця польскага чыноўніка ён абраў цярністы шлях прапагандыста земляробчай культуры сярод беларускіх сялянаў, прапагандыста роднага слова, роднай беларускай песні сярод сваіх суайчыннікаў. І паклаў сваю галаву на алтар свабоды Беларусі.

Імя агранома Баляслава Лапыра, як закладальніка вішнёвых садоў на Глыбоччыне ў 1930-я гг, штораз, пры адкрыцці чарговага Вішнёвага фэсту, згадвае з трыбуны свята ў сваёй прамове кіраўнік Глыбоцкага раёна Алег Морхат.

Аграном — легенда!

Жыхар Глыбокага Пётр Альбінавіч Вярцінскі распавёў калісьці аўтару гэтых радкоў ледзьве не легендарную гісторыю.

Аднойчы павятовы аграном Баляслаў Лапыр наведаўся ў вёску Старыя Шарабаі. І быў вельмі ўражаны, што ў сялянаў пустуе шмат зямлі. Пытае:

— Чаму нічога не сееце?

— Ай, паночку, на гэтай зямлі, нават, і трава не расце! — кажуць тубыльцы.

Аграном Лапыр, калі выпраўляўся на матацыкле на аб'езд ваколіцаў Глыбокага, заўсёды браў з сабой чайную лыжку і бутэльку пітной вады. Так было і на гэты раз. Уважліва агледзеўшы сялянскія палеткі, ён зачэрпнуў лыжкай тамтэйшай глебы, паклаў яе ў рот, «пасмакаваў», сплюнуў, прамыў рот вадой, ды й кажа:

— Пасадзіце ў гэты год буракі, а наступным годам — цыбулю, толькі ўгнаенне не кладзіце, а дадайце пячной сажы…

Даў ім адмысловы нямецкі плуг узараць дзірван. Увосень Баляслаў Лапыр ізноў прыехаў у Старыя Шарабаі. Сяляне хваляць ураджай, дзякуюць аграному:

— Паночку, можа грошы возьмеце за параду?

— Не! Мне нічога ад вас не трэба, — кажа. — Вазьму толькі чатыры буракі.

Паклаў іх у люльку матацыкла і паехаў. Наступным годам сяляне хвалілі добры ўраджай цыбулі. Кажуць, што з таго часу шарабайцы надта вялікія адмыслоўцы ў вырошчванні цыбулі, як сапелінцы (в. Сапеліна) ў капусце.

Глыбоцкія сяляне лічылі за вялікі гонар дастаць у агранома Лапыра добрага гатунку зерня на насенне. Яны яго так і звалі «заводнае зерне ад Лапыра».

Сельскагаспадарчыя падрыхтоўчыя курсы ў Глыбокім, якія арганізаваныя Баляславам Лапыром, 1935-38. Баляслаў Лапыр сядзіць сярод кабетаў у 3-м шэрагу 9-ы злева. Будынак Дома людовага, на тле якога зроблены здымак, стаяў побач з глыбоцкім касцёлам і згарэў у вайну. Фота з сямейнага архіва Уладзіслава Страшэвіча.

Сельскагаспадарчыя падрыхтоўчыя курсы ў Глыбокім, якія арганізаваныя Баляславам Лапыром, 1935-38. Баляслаў Лапыр сядзіць сярод кабетаў у 3-м шэрагу 9-ы злева. Будынак Дома людовага, на тле якога зроблены здымак, стаяў побач з глыбоцкім касцёлам і згарэў у вайну. Фота з сямейнага архіва Уладзіслава Страшэвіча.

Руплівы сейбіт беларушчыны

Некаторыя СМІ з нагоды абвяшчэння Глыбокага вішнёвай сталіцай Беларусі, паспяшаліся выдаць Баляслава Лапыра за мясцовага памешчыка. Не! Баляслаў Лапыр быў сынам беларускага селяніна.

Ніна Аляксандраўна Абрампальская (у дзявоцтве Ліля), колішняя выкладчыца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, у 1930-я гг была зусім юнай, сябравала з дзецьмі Баляслава Лапыра, напісала невялікія ўспаміны пра легендарнага агранома, яны змешчаныя і ў кнізе «Памяць. Глыбоцкі раён»:

«Вось, пабывала на сваёй радзіме, на Глыбоччыне, сустрэлася там з сябрамі дзяцінства і маладосці, успомнілі мы свайго земляка, цудоўнага чалавека, які пакінуў аб сабе добрую памяць, і вырашыла расказаць пра яго. Гэта — аграном Баляслаў Лапыр.

Атрымаўшы адукацыю агранома, што для простага беларуса мела вялікі гонар, быў прызначаны павятовым аграномам. На сваім хутары ён вёў доследную работу, на што ішла большая частка заробку. А рабіў ён гэта з мэтай навучыць сялянаў з наваколля па-навуковаму весці гаспадарку. Але не толькі гэтым займаўся пан Баляслаў. Ён быў сапраўдным барацьбітом за родную беларускую культуру, за права кожнага быць беларусам, размаўляць на роднай мове, пець песні, чытаць кнігі.

Усё гэта было ў панскай Польшчы ў загоне. Аграном Лапыр арганізаваў з навакольных сялянаў драматычны гурток. Як любілі мы глядзець спектаклі на роднай мове! Ад пана Баляслава мы ўпершыню пачулі вершы Багушэвіча, Купалы, Коласаўскую «Новую зямлю». Зімовымі вечарамі, на святы былі «спеўкі». Як прыгожа гучалі родныя мелодыі, якімі прыгожымі запомніліся мне выканаўцы!

Усё гэта вельмі не падабалася польскім уладам, і толькі высокі прафесіяналізм агранома і самаадданая праца давала магчымасць Лапыру застацца на пасадзе. З вялікай павагай адносіўся пан Баляслаў да людзей другой нацыянальнасці. Дарэчы, жонка Лапыра была полька. З ёй муж і дзеці размаўлялі па-польску, але пані Стэфанія вельмі хутка авалодала беларускай мовай і размаўляла з сялянамі па-беларуску, удзельнічала ў беларускіх спектаклях, спявала беларускія песні.

У Лапыра мы бралі беларускія кніжкі, беларускі каляндар. Гэта было небяспечна ў той час, але гэта не спыняла пана Баляслава. Ён, як руплівы сейбіт, сеяў беларускае слова сярод сялянаў. А тое, што ў Глыбоцкім касцёле набажэнства вялося на беларускай мове, таксама заслуга Лапыра. Гэта было ўжо ў час вайны».

Ён рабіў тут Беларусь!

Баляслаў Лапыр сярод беларускіх сялянак, 1930-я гг. Фота з сямейнага архіву Уладзіслава Страшэвіча.

Баляслаў Лапыр сярод беларускіх сялянак, 1930-я гг. Фота з сямейнага архіву Уладзіслава Страшэвіча.

Мая колішняя суседка спадарыня Вінцэнта, у сярэдзіне 1990-х гг, калі аўтар збіраў успаміны старажылаў пра глыбоцкага ксяндза Антона Зянкевіча, якога беларускія эміграцыйныя дзеячы называлі беларусізатарам касцёла, пачала пярэчыць: «Антон Зянкевіч не быў беларусізатарам касцёла!

— Быў такі Баляслаў Лапыр! Ён рабіў тут Беларусь!

У Гданьску жыве Уладзіслаў Страшэвіч, сын Баляслава Лапыра. Аўтар двойчы — у канцы 1990-х -пач. 2000-х — наведаў гэты горад, і Уладзіслаў прадставіў напісаныя ім біяграфічныя звесткі пра свайго бацьку:

«Баляслаў Лапыр нарадзіўся 5 траўня 1895 года ў Пецярбургу ад бацькі Нікадзіма і маці Гелены, з дому Індрунас. Нікадзім паходзіў з вёскі Рубеж Браслаўскага павета. Баляслаў хадзіў у пачатковую школу ў Браславе. Адрозніваўся вялікімі здольнасцямі так, што ім зацікавіўся каталіцкі біскуп, складаючы грошы на яго навучанне. Над ложкам Баляслава вісеў партрэт таго біскупа [напэўна, гэта быў Ю.Матулевіч — У.С.].

 Сярэднюю школу Баляслаў Лапыр скончыў у Коўне (1909 г.?), потым атрымаў адукацыю агранома ў Пецярбургу У 1926 годзе ажаніўся са Стэфаніяй Страшэвіч. Маладая сям’я, хіба ў 1926 годзе, набыла 11 гектараў зямлі ў Глыбокім. У 1932 годзе нарадзіўся сын Уладыслаў, потым дочкі Янка, Гэля і Марынка.

— У нашым доме было прынятае двухмоўе,— згадвае спадар Уладыслаў. — З бацькам размаўлялі па беларуску, з маці — па-польску. Дзеці між сабой — па-беларуску. Бацька з маці па-польску. Мяне з сёстрамі бацька выхоўваў свядомымі беларусамі.

Мой бацька перад вайной адпрацаваў 15 гадоў павятовым аграномам. У сваім жыцці ён на першае месца ставіў беларускія справы, потым прафесійныя, а на канец — сямейныя,— так казала мая маці.

Маці ж займалася гадоўляй высокапародзістых курэй. У 1939 годзе атрымала 1-ю ўзнагароду — залаты медаль на выставе курэй у Вільні.

Баляслаў Лапыр імкнуўся да абуджэння ў загуканым беларускім народзе парасткаў свядомасці і нацыянальнай годнасці. Са мной бацька размаўляў, як з дарослым. Казаў: «За царом Беларусь была шэрай правінцыяй Расіі, і за часамі польскімі сталася падобна. У абодвух выпадках не было беларускіх школаў. Расія, роўна як і Польшча, імкнуліся да ўтрымання ў цемры і народавыраджэнні беларусаў… Вельмі дзівіла бацьку, што некаторыя беларусы цураліся матчынай мовы, сцвярджаючы: «Мы гаворым па-просту». Блыталі нацыянальнасць з рэлігіяй. «Мы — палякі, бо молімся па-польску ў касцёле».

Мой бацька пачуваўся пакліканым да абуджэння нацыянальнай свядомасці сярод беларускага люду.

Мабілізоўваў на гэтую справу іншых свядомых беларусаў: інтэлігенцыю, святароў і вайскоўцаў. Быў у сталым кантакце з іншымі беларускімі патрыётамі, якія думалі так, як і ён: ксяндзамі Стэповічам і Гадлеўскім, беларускім генералам Станіславам Булак-Балаховічам.

  Баляслаў Лапыр (сядзіць чацвёрты ад лева) сярод студэнтаў, Санкт-Пецярбург (?),1916 г. Фота з сямейнага архіву Уладзіслава Страшэвіча.

Баляслаў Лапыр (сядзіць чацвёрты ад лева) сярод студэнтаў, Санкт-Пецярбург (?),1916 г. Фота з сямейнага архіву Уладзіслава Страшэвіча.

Баляслаў Лапыр дамагаўся большых правоў для беларускай нацыянальнай меншасці. Ведаю, што мой бацька, які быў радным беларускай меншасці ў акруговым сойміку, удзельнічаў у дэлегацыі да прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнація Масьціцкага ў справе большых свабодаў для беларусаў, а менавіта: адкрыцця беларускіх школаў, часопісаў, і хаця б аднаго казання ў некаторых касцёлах па-беларуску.

Дэлегацыя тая мела вялікія цяжкасці ў здабыцці аўдыенцыі, але і пасля яе — нічога не атрымалася. Бацька адчуў вялікі ціск з боку ўладаў, яму пагражалі:

«Калі будзеш баламуціць беларусаў, то апынешся ў канцэнтрацыйным лагеры ў Бярозе-Картузскай!»

Баляслаў Лапыр шмат пісаў для прафесійных выданняў, напрыклад, для «Tygodnika Rolniczego», меў цыкл перадачаў на віленскім радыё.

— Будучы малымі хлопцамі, мы часта слухалі бацьку праз слухаўкі радыё на акумулятарах,— згадвае далей спадар Уладзіслаў. — Ён быў прапагандыстам асветы сярод беларускага народу. У беларускіх вёсках арганізоўваў агранамічныя і заатэхічныя курсы. Пры аказіі тых курсаў прапагандаваў беларускую свядомасць і ягосамасць. Арганізоўваць фальклорныя гурткі — было яго хобі.

У арганізацыі тых курсаў дапамагаў яго намеснік, паляк Ставіньскі, вайсковы асаднік. У часе народных святаў ён апранаў мундзір польскага паручыка і жартаваў:

— Болек, яшчэ трохі і застану праз цябе павернуты на беларусіна!

Ставіньскі вельмі спрыяў беларусам і разумеў бацьку. І гэта — не адзіны выпадак спрыяння палякаў беларусам. Быў яшчэ нехта п. Ляды, намеснік старосты, вельмі ўплывовы чыноўнік, а таксама віцэ-ваявода віленскі.

— Каб не яны і не іншыя палякі, то «беларусажэрцы» даўно б з’елі бацьку,— так згадвала мая маці, Стэфанія Страшэвіч.

Польскія ўлады высока цанілі прафесійныя здольнасці бацькі, шматкроць прапаноўвалі высокія пасады ў Вільні і Варшаве, «абы толькі не бунтаваў беларусінаў ды перапісаўся на паляка».

Аднак, у рэшце рэшт, Баляслава Лапыра, пераканаць не ўдалося, і ў 1939 годзе, у 44 гады, ён быў звольнены з працы павятовага агранома і адпраўлены на пенсію. Гэта было перад самым выбухам Другой сусветнай вайны. У Глыбокім ужо дзейнічала нямецкая рэзідэнтура, сярод якіх быў пан Вітвіцкі, слынны потым, у часе нямецкай акупацыі, гестапаўскі мардэрца.

  Аграном Баляслаў Лапыр, Глыбоччына, 1930-я гг.Фота з сямейнага архіва Уладзіслава Страшэвіча.

Аграном Баляслаў Лапыр, Глыбоччына, 1930-я гг.
Фота з сямейнага архіва Уладзіслава Страшэвіча.

У самых чытаемых нямецкіх газетах з’явіліся публікацыі аб дыскрымінацыі нацыянальных меншасцяў у Польшчы: немцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Як прыклад, быў пададзены факт, што ў Глыбокім, у 44 гады, быў звольнены з працы аграном Баляслаў Лапыр, выбітны спецыяліст, да якога польскія ўлады, паводле прафесіі, не мелі ніякіх прэтэнзіяў, а звольнілі толькі за тое, што ён — беларус.

І тут пачалося! Штораз да бацькі прыязджала рознае польскае начальства, абы залагодзіць сітуацыю, уціхамірыць немцаў. Няма ў Польшчы ніякай дыскрымінацыі нацменшасцяў! Абяцалі самыя высокія пасады, хоць і міністра сельскай гаспадаркі Польшчы.

Баляслаў Лапыр: «Не! Мне і ў 44 гады на пенсіі — добра! Не хачу жыць на два дамы». У рэшцэ рэшт угаворы польскіх чыноўнікаў здабылі плён.

Аднак Баляслаў Лапыр высунуў умовы, што супрацоўніцтва магчымае пры наступных варунках: раз на тыдзень — беларускамоўная перадача на віленскім радыё; выданне беларускіх газет; раз на тыдзень і ў святы — ва ўказаных касцёлах — беларускае набажэнства…

Абы немцы спынілі антыпольскую прапаганду — чыноўнікі пагадзіліся, і Баляслаў Лапыр паехаў працаваць старастам, кудысьці пад Вільню».

Аднак, тое было зусім нядоўга. 17 верасня ў Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная Армія. Новая ўлада Баляслава Лапыра пакуль не чапала.

У часе апошняй вайны сям'я Лапыроў знаходзілася ў Глыбокім, а сам Баляслаў займаўся беларускай нацыянальнай справай. Уладзіслаў Страшэвіч сцвярджаў, што яго бацька Баляслаў Лапыр быў бургамістрам Глыбокага. Аднак гэта не пацвердзілася нашымі даследаваннямі. Беларускія газеты, што выдаваліся пад акупацыяй сведчылі — Баляслаў Лапыр быў начальнікам Глыбоцкага раёна. Калі верыць сп. Вярцінскаму, Лапыр выдаваў у Глыбокім і нейкую газету на беларускай мове, якая выходзіла лацінкай.

Не мог Баляслаў Лапыр спакойна змірыцца, як паляць акупанты беларускія вёскі разам з жыхарамі. Ён завітаў да свайго непасрэднага начальніка немца. Прынамсі, Лапыр бегла валодаў нямецкай мовай. Дайшло да вострага абмену словаў. Немец сказаў штосьці накшталт таго:

«Калі беларусы пачнуць павучаць вышэйшую расу, то адразу патрапяць у лік нацыяў, якія варожа настроеныя да немцаў».

Вось тут Баляслаў Лапыр і выгарнуў тое, што думаў пра акупантаў. Афіцер ударыў Лапыра ў твар, а ён адказаў тым самым. Тады немец дастаў пісталет і мог бы стрэліць… Аднак, пачуўшы валтузню, у кабінет зайшоў шэф таго немца афіцэра.Шэф, паводле словаў спадара Уладыслава, быў «людзкім чалавекам». Ён сказаў Лапыру:

«Табе гэтага не даруюць! Адна дарога — у канцлагер… Даю табе рэкамендацыйны ліст да свайго прыяцеля, які ёсць уласнікам маёнтка Granzkevitz на выспе Руге».

І Лапыры паехалі… Так, у верасні 1943 года скончылася праца Баляслава Лапыра на карысць Беларусі. На выспе Руге Баляслаў Лапыр працаваў у лабараторыі, якая прадукавала новыя гатункі збожжа.

Цікава, што на выспе Руге беларусы, украінцы і сербы не насілі ніякіх нашывак на адзенні і мелі тыя ж харчовыя карткі як і немцы, а вось палякі і расіяне мелі на шмат меншыя харчовыя карткі і насілі нашыўкі: палякі — «Р», а расіяне — «Ost».

У красавіку 1945 года выспу Руге занялі савецкія войскі. Людзей з абшараў Савецкага Саюзу пачалі дэпартаваць назад. Сям’я Лапыроў, як і сотні іншых, апынулася за калючым дротам у Ваўкавыску. Падчас аднаго з выклікаў на допыт Баляслаў Лапыр не вярнуўся. Ужо ніколі не вярнуўся. І лёс яго невядомы.

Жонка Баляслава Лапыра — Стэфанія Страшэвіч — вярнулася з дзецьмі ў Глыбокае, дзе, з вялікімі цяжкасцямі, за хабар, перапісала дзяцей на сваё дзявочае прозвішча — Страшэвіч. Страшэвічы выехалі ў Гданьск на сталае жыхарства.

***

Памятаецца, размаўляў я са сп. Уладыславам Страшэвічам у Гданьску…— Я быў членам польскай кампартыі, калі працаваў канструктарам на суднаверфі. Хацеў знішчыць свoй партыйны білет. А Лех Валенса сказаў: «Не трэба гэтага рабіць! Нашыя людзі павінны быць і там!»

Баляслаў Лапыр у рабочым кабінеце, Глыбокае, 1938 г.Фота з сямейнага архіву Уладзіслава Страшэвіча.

Баляслаў Лапыр у рабочым кабінеце, Глыбокае, 1938 г.
Фота з сямейнага архіву Уладзіслава Страшэвіча.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?