фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Пяць фобій, характэрных для беларусаў

1. Акультурафобія

Боязь асіміляцыі, або страх перад тым, што чужая культура апынецца мацнейшай за ўласную. Хранічная фобія нацыяналістаў усіх краін. Сярод нашых блізкіх суседзяў асабліва характэрная для Украіны, але і ў Беларусі таксама мае шырокае распаўсюджанне.

2. Земіфобія

Боязь кратоў — фобія, якая часта сустракаецца сярод сельскага насельніцтва. Чалавек, які пакутуе на земіяфобію, заўважыўшы крата, які вылазіць з-пад зямлі, адразу б’е па ім рыдлёўкай. Апошнім часам рыдлёўка часцей замяняецца рознымі хімічнымі супрацькратовымі рэчывамі.

3. Хрэматафобія

Гэты від фобіі таксама можа быць характэрны для некаторых беларусаў. Нядаўна паведамлялася, што амаль 70% вакансій прапануюць заробак, ніжэйшы за 465 рублёў. Улічваючы, што большасць людзей задаволеныя нізкімі заробкамі, можна зрабіць выснову, што некаторыя з беларусаў пакутуюць на хрэматафобію — боязь дотыку да грошай.

4. Неафобія

Неафобія — боязь усяго новага. Магчыма (але не дакладна), большасць людзей у Беларусі пакутуюць на гэтую фобію. Па некаторых звестках, у 2006 годзе баяліся новага 79,65% паўнагадовых жыхароў краіны, а ў 2015-м гэтая лічба склала ўжо 83,49%.

5. Храматафобія

Боязь колераў і пафарбаваных у іх прадметаў. З кожным годам гэтая фобія становіцца ўсё менш характэрнай для беларусаў, якія атрымалі яе як савецкую спадчыну. Прынамсі, у Мінску архітэктары гэта зразумелі і ўжо не баяцца фарбаваць будынкі ў яскравыя колеры. Але замежнікаў усё яшчэ здзіўляюць нашыя шэрыя гарады.

Пяць фобій, не характэрных для беларусаў

1. Вінафобія

Вінафобія — боязь піць віно і ўвогуле агіда да яго. Нас гэта не тычыцца. Асаблівым попытам карыстаецца пладова-ягаднае.

2. Гназіяфобія

Боязь ведаў і пазнання. Прага беларусаў атрымаць вышэйшую адукацыю настолькі непераадольная, што ўніверсітэты штампуюць выпускнікоў столькі, колькі эканоміка нават не патрабуе. У выніку шмат каму потым цяжка знайсці працу, прынамсі з добрай аплатай. Але пагадзіцеся, куды больш прыемна працаваць у брыгадзе рэстарана, маючы адукацыю інжынера-будаўніка або спецыяліста па падатках і сборах, чым не мець яе наогул!

3. Рыпафобія

Боязь бруду і нечыстотаў. Пабываўшы ў грамадскіх прыбіральнях, разумееш, што рыпафобія беларусаў не закранула.

4. Псіхрафобія

Боязь холада і пераахаладжэння таксама не ўласцівая беларусам. Бывае, падазроныя асобы ў шортах з’яўляюцца ў метро раней за першыя пралескі ў лесе.

5. Радыяфобія

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС спарадзіла адсутнасць боязі радыяцыі ў нашых людзей. На Камароўцы часам прадукцыя не праходзіць радыяцыйны кантроль, кіраўнік краіны прапануе выкарыстоўваць забруджаныя палі, а людзі не грэбуюць збіраннем чарніцаў памерам з сліву.

А чаго баіцеся вы? Дзяліцеся сваімі фобіямі ў каментарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?