Міністр абароны Андрэй Раўкоў даслаў адказ дэпутату Ганне Канапацкай з нагоды магчымасці пераносу ваеннага параду за межы Мінска. У ведамстве лічаць правядзенне парадаў непасрэдна ў сталіцы «палітычна абгрунтаваным, адпавядаючым агульнаму настрою народа і эканамічна мэтазгодным», піша Tut.by.

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая атрымала адказ з Міністэрства абароны на зварот з нагоды пераносу парадаў з удзелам ваеннай тэхнікі за межы сталіцы.

— Па сутнасці ў адказе міністра абароны толькі першы абзац, — напісала яна на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — На дзвюх старонках паважаны міністр тлумачыць мне важнасць парадаў, іх значнасць, традыцыі правядзення ў іншых краінах і інш. Але я ж пра гэта не пыталася, а ўносіла цалкам канкрэтную і абгрунтаваную прапанову! Я не супраць парадаў у гарадах, але супраць выкарыстання ваеннай тэхнікі на вуліцах гарадоў. Тым больш, калі на рэпетыцыі здараюцца сур'ёзныя інцыдэнты, і танк зносіць дрэвы і слупы. А калі заўтра, на парадзе, гэты танк заедзе ў трыбуну з гледачамі або прэзідэнтам?

У адказе, які дэпутат выклала ў сацыяльнай сетцы, міністр абароны падкрэслівае, што «правядзенне ваеннага параду грае важную ролю ў выхаванні пачуцця гонару за прыналежнасць да баявой славы краіны і дэманструе баявую моц Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь як гаранта міру на беларускай зямлі».

Андрэй Раўкоў тлумачыць, што рашэнне аб мэтазгоднасці, месцы, часу і фармаце правядзення парада прымае прэзідэнт краіны. І нагадвае, што такая традыцыя ёсць у многіх краінах. Сёлета, напрыклад, парады праходзілі ў Таліне, Маскве і Нью-Дэлі. Традыцыйна іх праводзяць у Францыі, Польшчы, Туркменіі, Кыргызстане, КНР, Украіне, Расіі.

У ведамстве лічаць, што перанос параду выкліча негатыўную рэакцыю з боку ветэранаў ВАВ і грамадзян краіны, «пераважная большасць якіх настроеныя патрыятычна і падтрымліваюць традыцыю правядзення ваенных парадаў у Беларусі». Міністар прывёў даныя аб тым, што сёлета парад глядзела больш за 250 тысяч чалавек (не лічачы гледачоў тэлетрансляцыі).

Перанос, па словах міністра, прывядзе да павелічэння выдаткаў на падрыхтоўку, зніжэння відовішчнасці і эмацыйнага эфекту з прычыны нязручнасцяў, звязаных з дастаўкай людзей.

Міністэрства абароны нагадала, што ажыццяўляе комплекс мер па зніжэнні нязручнасцяў у сувязі з часовымі зменамі ў арганізацыі руху ў горадзе.

У цэлым жа ведамства лічыць правядзенне парадаў непасрэдна ў сталіцы «палітычна абгрунтаваным, адпавядаючым агульнаму настрою народа і эканамічна мэтазгодным».

Нагадаем, сёлета ў інтэрнэце стварылі петыцыю супраць правядзення ў Мінску ваенных парадаў, а таксама за перанясенне іх за горад. Гэта адбылося пасля таго, як падчас рэпетыцыі параду танк знёс дрэва і ўрэзаўся ў слуп.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0