Пад Крапіўніцкім (Украіна) невядомыя раскралі звалку радыеактыўных адходаў. Кантэйнеры з забруджанай цэзіем-137 зямлёй і металам 30 гадоў праляжалі ў зямлі за некалькі кіламетраў ад абласнога цэнтра, гаворыцца ў сюжэце ТСН.

Забруджаныя радыяцыяй зямлю і метал нельга было чапаць прынамсі 300 гадоў. Пасля таго, як злодзеі разварушылі магільнік, прыборы вымярэння радыяцыі паказваюць 70 мікрарэнтген. На месцы раскопак узровень радыяцыі амаль у дзесяць разоў перавышае звычайны фон. Выпраменьвае яе і тое жалеза, якое ўжо вывезлі на пункты прыёму металу — а гэта тоны лому.

«Працаваў экскаватар на поўную магутнасць, людзі з кувалдамі і ламамі, але толькі я туды прыехаў, толькі спытаў, што вы тут робіце — адразу экскаватар спыніўся, і яны пачалі ўцякаць», — распавёў кіраўнік гарадской спецінспекцыі Андрэй Максюта.

Адходы закапаныя на глыбіні каля 10 метраў. Там некалькі сотняў кантэйнераў з радыеактыўным смеццем. Гэтым полем часта ходзяць людзі, таму могільніка няма ні на адной карце, а побач — хоць бы маленькіх загарод або шыльдаў з папярэджаннем аб небяспецы. Таму што ў часы СССР тут зусім таемна хавалі наступствы тэхнагеннай аварыі на адным з прадпрыемстваў.

Падзеі амаль 30-гадовай даўніны добра памятае тагачасны намеснік старшыні Кіраваградскага аблвыканкама. З яго слоў, двое работнікаў, заядлых рыбакоў, хацелі дастаць са зламанага прыбора свінец для вуд і разбілі зашытыя ў яго ампулы з цэзіем. Мужчыны з радыеактыўнымі апёкамі звярнуліся ў бальніцу.

«Нагамі разнеслі гэты ўвесь парашок, плюс на метал там пасыпаўся. Сабралі камісію і прынялі рашэнне, што трэба ліквідаваць гэтае радыеактыўнае забруджванне, вырабіць ёмістасці з 3-міліметровага жалеза, і гэты ўвесь грунт сабралі, метал заражаны — і пахаваць», — распавёў відавочца падзей Мікалай Сухамлін. Траціну кантэйнераў, змесціва якіх выпраменьвала больш за 300 мікрарэнтген, вывезлі ў Чарнобыль, астатнія ж пахавалі ў прыгарадзе.

Тых, хто цяпер спакусіўся на небяспечныя адходы, шукаюць праваахоўнікі. Ім ставяць у віну толькі крадзеж дзяржаўнай зямлі. «Завалоданне грунтавым покрывам, то бок павярхоўным пластом зямлі без дазвольных дакументаў. Асобы мы высветлілі, але яшчэ не выклікалі іх у сувязі з немагчымасцю на дадзены момант выявіць іх фактычнае месцазнаходжанне», — распавёў следчы Дзяніс Вербавы.

Тым часам у гарадской радзе ўжо плануюць перазахаваць адходы, а магільнік абгарадзіць. «Тэрмінова трэба знайсці падрадную арганізацыю, якая мае ліцэнзію. Зрабіць або карабы, ці нейкія іншыя тэхналогіі, я не ведаю — там і перапахаваць», — кажа в. а. начальніка ўпраўлення надзвычайных сітуацый Крапіўніцкага Аляксей Гненны. Чыноўнікі пераконваюць, што на радыяцыйны фон у самім горадзе разрытыя могільнікі ніяк не паўплывалі, таму заклікаюць гараджан не панікаваць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру