Расія павінна выплаціць Нідэрландам кампенсацыю ў памеры 5,4 млн еўра за затрыманне судна Arctic Sunrise з актывістамі «Грынпіс» восенню 2013 года. Такое рашэнне вынес арбітраж, створаны пры Пастаяннай палаце трацейскага суда ў Гаазе, паведамляе ВВС.

Getty

Згодна з пастановай, больш за 1,6 млн еўра Масква павінна выплаціць у якасці кампенсацыі нанесенай судну шкоды, 3 млн еўра — за матэрыяльную і нематэрыяльную шкоду, нанесеную людзям, якія знаходзіліся на борце, 625 тысяч еўра — за авансы на аплату арбітражных выдаткаў, а таксама 13,5 тысяч еўра — за выдаткі, панесеныя Нідэрландамі ў сувязі з выпускам банкаўскай гарантыі.

Акрамя таго, Расія павінна выплаціць працэнты на ўсе гэтыя сумы.

Рашэнне арбітражу віталі ў «Грынпіс». «Шлях да справядлівасці быў доўгім, але рашэнне трыбунала сцвярджае вяршэнства закона і права на мірны пратэст на моры, у тым ліку — супраць здабычы нафты ў Арктыцы», — заявіў старэйшы юрысконсульт «Грынпіс Інтэрнэшнл» Джаспер Тэўлінгс.

Таксама рашэнне Гаагі пракаментаваў фатограф Дзяніс Сінякоў, які быў затрыманы разам з эколагамі. «Гэтых грошай мы, ясная справа, не ўбачым, але адчуваць сябе раптам патэнцыйна багатым вельмі прыемна. Правымі мы былі і да гэтага. Дзякуй суду, што гэта яшчэ раз пацвердзіў. І вядома, save the Arctic!» — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Каманда галандскага судна Arctic Sunrise была затрыманая расійскімі ўладамі 19 верасня 2013 года пасля спробы правесці акцыю пратэсту на нафтаздабываючай платформе ў Баранцавым моры. Судна было адбуксаванае ў Мурманск, а 30 чалавек, якія знаходзіліся на борце, былі арыштаваныя. Першапачаткова іх абвінавацілі ў пірацтве, аднак пазней абвінавачванні былі перакваліфікаваныя ў хуліганства.

У лістападзе 2013 года члены каманды Arctic Sunrise былі вызваленыя пад заклад у памеры каля $34 тысяч, а ў канцы снежня таго ж года яны трапілі пад амністыю, абвешчаную ў сувязі з 20-годдзем расійскай канстытуцыі. У чэрвені 2014 года з судна Arctic Sunrise быў зняты арышт, а ў жніўні яно вярнулася ў Амстэрдам.

Арбітражнае разбіральніцтва ў сувязі з затрыманнем Arctic Sunrise было ініцыяванае Нідэрландамі ў кастрычніку 2013 года. У склад арбітражу ўвайшлі прадстаўнікі Аўстраліі, Нідэрландаў, Польшчы, Мексікі і Ганы.

Рашэнне па сутнасці суд у Гаазе вынес у жніўні 2015 года, пастанавіўшы, што Расія парушыла свае абавязацельствы па канвенцыі ААН па марскім праве, зрабіўшы высадку на борт, даследаванне, агляд, арышт, затрыманне і захоп Arctic Sunrise без папярэдняй згоды Нідэрландаў, а таксама ўчыніўшы арышт, затрыманне і ініцыяванне судовага разбору супраць 30 чалавек, якія знаходзіліся на борце судна.

Аднак тады арбітраж адклаў пытанне вызначэння памеру кампенсацыі і працэнтаў да больш позняга этапу разбору.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру