Некалькі тыдняў карыстальнікі інтэрнэту вядуць змаганне на старонцы ў фэйсбуку прадпрыемства «Савушкаў прадукт». Брэсцкія вытворцы малака і ёгуртаў былі тымі, хто рашуча выступіў супраць беларускай мовы на этыкетках прадукцыі. Вытворцы матывавалі гэта тым, што распрацоўка новай упакоўкі павысіць сабекошт прадукту, што прывядзе да павышэння цэнаў.

На ўсе далейшыя запыты і просьбы кіраўніцтва «Савушкава» ўсё адно не ідзе насустрач сваім кліентам.

У выніку карыстальнікі фэйсбука пачалі заходзіць на старонку «Савушкава прадукта» і ставіць свае адзнакі. На дадзены момант выказалася ўжо 922 чалавекі. Сярэдні бал «Савушкава» ўпаў да 1,9 з 5. Амаль 700 карыстальнікаў паставілі мінімальную адзнаку.

Па правілах фэйсбука паставіць проста адзнаку мала. Трэба яшчэ пакінуць невялікі каментар аб працы прадпрыемства. Водгукі спажыўцоў чытаюцца як захапляльны раман. Прапануем увазе чытачоў «Нашай Нівы» невялікую падборку.

«Не станавіўся ні на які бок у лаянцы з «Савушкавым прадуктам», скажу проста — мне ўсё роўна, на якой мове напісана на ўпакоўцы, але маё меркаванне — ім не варта было сустракаць у штыкі прапанову з беларускамоўнымі этыкеткамі. Гэтай прынцыповасцю яны сабе больш імідж сапсавалі, чым выйгралі», — піша Сяргей Усцінаў з Мінска.

«За павагу роднай для нас, беларусаў, мовы — рускай — і за якасную прадукцыю! Пайшла за «Савушкавым», — Эльвіра Мірсалімава з Віцебска паставіла максімальную адзнаку.

Многіх спажыўцоў таксама непакоіць тое, што на этыкетцы малака «Брэст-Літоўскага» значыцца дата 1795 — год апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.

«Здавайцеся ўжо, пасыпайце галаву попелам і рабіце беларускамоўныя этыкеткі. Чым хутчэй, тым менш грошай страціце. Але вось гэта імперскае г…о «Брест-Литовскъ» я асабіста ўсё роўна ніколі не куплю», — рэакцыя Паўла Сясіцкага з Віцебска.

«З нядаўняга часу байкатую прадукцыю абсалютна. Вельмі шкада, што да меркавання нас, спажыўцоў з Беларусі, ставяцца як да гудзення надакучлівых мух. Непавага засмучае! Калі пачнеце пісаць на сваёй прадукцыі на беларускай мове - скасую байкот», — паабяцаў мінскі юрыст Алег Агееў.

«Раз у «Савушкава» няма грошай на беларускія этыкеткі — то ў мяне няма грошай на іх прадукцыю. Да пабачэння!» — напісаў Павел Кулік з Гродна.

«Не скажу, што лепшая прадукцыя з усіх, што я каштаваў, але цалкам годнай якасці. З нагоды маркетынгу, так думаю не варта звяртаць увагі на кукарэку, гэта майданутасць галаўнога мозгу. У нас у краіне 2 дзярж.мовы і кожны чалавек (кожная арганізацыя) мае права вырашаць самім, на якой мове размаўляць і на якой мове выпускаць сваю прадукцыю», — выказаўся прадстаўнік кампаніі Red Technologies Вадзім Бегені.

«Колькі недабіткаў нацыяналістычных зляцелася) вы папулярныя) не зважайце на гэтую белАрускую сволач», — напісаў прарасійскі публіцыст Яўген Канстанцінаў.

«Даўно ўжо выключыла «С.П.» з асартыменту спажываемых малочных прадуктаў — аддаю перавагу больш смачным. Апошнім часам купляла нарэзаны сыр «Лёгкі», але чамусьці лустачкі яго сталі так злепленыя з паперкамі, якія павінны аддзяляць адну лустачку ад другой, што змарылася адляпляць і вырашыла больш яго не купляць. А з моваю гісторыя вельмі непрыгожая! Сорам проста!» — так лічыць Святлана Міхалоўская з Мінска.

«Пяць за нязменна высокую якасць прадукцыі і адэкватную цэнавую палітыку. Вы сапраўды лідар рынку. На 500-1000 змагароў не звяртайце ўвагі, яны самі пішуць і размаўляюць выключна на рускай. Барацьба за лайкі, праф. змагары і нязгодныя», — так адзначыўся супрацоўнік ЕРАМ Аляксей Буднікаў.

«Прадукт як прадукт. Пераваг не мае. Агрэсія да беларускай мовы — дурнота. Спадзяюся, пройдзе», — Максім Русакоў адзін з нямногіх, хто паставіў не «адзінку» ці «пяцёрку», а «тройку».

«Жыву ў Польшчы, магу сказаць, што мой польскі муж смятану «Савушкава» вельмі высока ацаніў. Вельмі якасная смятана, новы прадукт «Грэцкі» ёгурт - вышэй усякіх пахвал», — водгук ад Наталлі Юркоўскай. У каментах да свайго паста Юркоўская расказвае пра кепскую Амерыку і Украіну, а таксама чарніць беларускі нацыяналізм.

«Дарэчы, выпадак з «Савушкавым» не першы з падобных. «Лідскае піва» таксама некаторы час бадалася са спажыўцамі наконт беларускай мовы, але зрабіла пэўныя высновы з дыскусіі і пачала выпускаць прадукцыю з беларускім лагатыпам. Больш таго, выпусціла серыю піва «Менск» з рознымі датамі. А ад піва «Менск 1918» некаторых аж дзярэ ад злосці. І здаецца ж — нічога, свет не праваліўся! Піва не ўздаражэла, асартымент павялічыўся», — заўважае Віктар Юнцэвіч.

«Я з Расіі. Але калі кампанія не паважае тытульную мову нацыі і грэбуе інтарэсамі беларусаў, то чаго нам, расейцам, чакаць? Нездарма вас лавілі на няякаснай прадукцыі. І на спажыўцоў і на якасць вам пляваць. З такім падыходам і на расійскім рынку вам таксама згортвацца пара. У Зімбабвэ сваё малако прадавайце!» — напісаў Юрый Гравін з Масквы.

«Трымайцеся, істэрыка гэтая хутка скончыцца! Хоць з нагоды эканамічнага абгрунтавання маглі б і больш разумнае нешта прыдумаць…» — лічыць Аляксей Грачанінаў.

«Малако смачнейшае, чым молоко», — лічыць Андрэй Шырвель.

«Мая котка не есць нічога з «Савушкава». Яна прывыкла да малака, а тут адно молоко. Прапаноўваў ёй аблізаць упаковачку ад творожка, не згадзілася, хоча тваражку. Жывёліну не падманеш! І мы больш не бяром», — іранізуе Сяргей Яцэвіч з Мінска.

«Не разумею жарсцяў вакол надпісаў на беларускай мове на этыкетцы… трызненне. Радавацца трэба, што ў квітнеючай Беларусі ёсць такая выдатная кампанія як «Савушкаў прадукт». І ганарыцца ей. Гэта называецца сапраўдны патрыятызм, а не злобстваванне вакол надпісаў і этыкетак», — водгук ад Алены Кратовіч з Мінска.

«Кожны прадукт мусіць быць найперш скіраваны на патрэбы спажыўцоў, а не на нейкія «прынцыпы» вытворцы. А мова ёсць галоўным чыннікам таго, што вытворца насамрэч дбае пра камфорт сваіх патэнцыйных спажыўцоў. Таму пакуль на пакунках «Савушкава» не з'явіцца беларускай мовы, я буду ігнараваць іхную прадукцыю. Тым больш, што гэты сегмент эканомікі дазваляе рабіць адпаведны выбар», — адпісаўся Кірыл Касцян.

«Смачная і якасная прадукцыя! Мы ўсёй сям'ёй п’ём МОЛОКО!» — напісала свецкая львіца Ганна Бонд, паставіўшы пяць балаў.

«Аб старонцы «Савушкава» не думаю нічога. А вось якасць прадукцыі рэальна стала горшай. Купляў і карыстаўся пастаянна. Цяпер практычна не набываю. І нават не ў мове тут асноўная справа, а рэальна ў якасці прадукцыі (адказваю толькі за тую, што спажываю - тварог, кефір, ёгурты)», — адзначыўся Юрый Фралоў.

Варта таксама адзначыць, што пазітыўныя водгукі на старонцы «Савушкава» пакідалі супрацоўнікі прадпрыемства. Вось, напрыклад, рэакцыя ад намесніка генеральнага дырэктара па сувязях з грамадскасцю Алены Бабкінай.

Падобныя водгукі пакідалі і іншыя супрацоўнікі «Савушкава».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?