Былы прэзідэнт Грузіі і экс-губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі заявіў пра пагрозы ў свой адрас з боку прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе».

Reuters

«У мяне была двухгадзінная сустрэча з Парашэнкам у сакавіку гэтага года на Мальце. Гэта былі дзве гадзіны пагроз і шантажу з яго боку. З тых часоў я сутыкаўся з рознымі непрыемнасцямі, я думаю, што гэта было яго апошняе папярэджанне», — заявіў ён.

Па словах Саакашвілі, Парашэнка сам прапанаваў яму сустрэцца на Мальце.

«Ён мне казаў, што я павінен спыніцца, перастаць крытыкаваць, як ён казаў, разгойдваць Украіну, выконваць план Пуціна… на што я засмяяўся яму ў твар. Я яму сказаў, што «план Пуціна» — гэта тое, што ён робіць. Таму што ён усталяваў стратэгічны альянс з Ахметавым, трымае ў парламенце Хамутынніка і іншых барыг, і з імі дамаўляецца. Я лічу, што гэта — «план Пуціна» значна больш, чым тое, што я раблю», — адзначыў Саакашвілі.

Таксама экс-губернатар заявіў, што Парашэнка, у выпадку, калі ён «супакоіцца», абяцаў яму на наступных парламенцкіх выбарах фракцыю ў парламенце і «сваю маленькую нішу ва ўкраінскай палітыцы».

«Другое — ён сказаў, што калі я паспрабую разгойдваць далей сітуацыю і дамагацца датэрміновых выбараў, то, па-першае, ён гатовы ўводзіць ваеннае становішча. На што я яму сказаў, што ў яго такіх сіл няма, з чым ён быццам бы пагадзіўся. Таму ён сказаў, што нават калі мы не ўвядзем ваеннае становішча, мы будзем прымаць індывідуальныя меры. І так пагрозліва на мяне паглядзеў», — распавёў Саакашвілі.

Таксама па яго словах, Парашэнка пытаўся, чаму ён крытыкуе яго, а не, напрыклад, Цімашэнка або Авакава.

«Я сказаў, што я крытыкую усю ўладу, асабліва Авакава, але пасля таго, як ён стаў цалкам кантраляваць урад, уся адказнасць ляжыць на ім. Калі Цімашэнка прыйдзе да ўлады, яна стане аб'ектам цікавасці», — адказаў Саакашвілі.

Як вядома, 26 ліпеня нардэпы Радыкальнай партыі заявілі, што экс-прэзідэнта Грузіі і былога кіраўніка Адэскай абласной дзяржадміністрацыі пазбавілі грамадзянства Украіны. Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны пацвердзіла пазбаўленне Саакашвілі грамадзянства, пацверджанне ад Адміністрацыі прэзідэнта з'явілася толькі ў чацвер, 27 ліпеня.

Сам Саакашвілі напярэдадні паляцеў у ЗША. Ён заявіў, што будзе дамагацца вяртання ва Украіну.

Сітуацыю з грамадзянствам Саакашвілі прэзідэнт Украіны да гэтага часу ніяк не каментуе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру