Пісьменнік Ніл Гейман напісаў кнігу «Амерыканскія багі», не так даўна па ёй выйшаў першы сезон серыяла. Одзін, Чарнабог, Анансі, Ібіс, Лепрыкон і іншыя багі жывуць сярод звычайных людзей, ходзяць на працу, зарабляюць грошы. Гэты правакацыйны тэкст — спроба ўявіць, што б рабілі ў сённяшняй краіне беларускія багі. Не палічыце за блюзнерства.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Зюзя

«Прозвішча ў вас Мароз? Мікалай Мікалаевіч, ну ладна шпана фігнёй займаецца, а навошта гэта вам? Колькі вам гадоў? 75, 80? Ужо, мабыць, праўнукі ёсць» Мікалай Мікалаевіч — вельмі каларытны дзед. Густая белая барада, чырвоныя хіпстарскія штаны, кепка з выявай баскетбольнай каманды Бруклін Нэтс, сонечныя акуляры ад R.Cavalli, нават татуіроўка на правым перадплеччы ёсць з выявай нейкай булавы. Сяржанты Петушкоў і Мурашкевіч затрымалі Мікалая Мікалаевіча ў той момант, калі ён прымацоўваў налепку Straight edge з выявай Пагоні да дарожнага знаку. Вядома, што ў пастарунак дзядулю весці яны не збіраюцца, проста вырашылі паўшчуваць. Відавочна ж, што ў дзядулі не ўсё добра з галавой, больш на цэлае Жодзіна такіх не знойдзеш. Можа, у Мінску і больш шалёныя персанажы сустракаюцца, але не тут. Мікалай Мікалаевіч шмат піў, бязбожна піў, як зюзя. Але потым узяўся за галаву. Больш ні кроплі ў рот. Цяпер спадар Мароз займаецца ёгай, чытае кнігі па псіхалогіі, абліваецца штодня халоднай вадой і бегае паўмарафоны. Праўда, бегаць любіць чамусьці басанож. Гэта можна і дараваць, мы ж ужо казалі, што на цэлае Жодзіна больш такіх не знойдзеш.

Пярун

Падпалкоўнік Дундар ужо больш за дзесяць гадоў працуе ў Вайскова-прамысловым камітэце. Жанчыны абажаюць ягоныя срэбраныя вусы, хітры погляд і пошлыя жарты. Кажуць, што ў камітэце ўжо няма тых, каму Дундар не наставіў рогі. Мабыць, менавіта таму ў яго не атрымліваецца расці па пасадзе, але і звольніць яго генералы не могуць, бо Дундар — незамяняльны супрацоўнік. Гэта ён быў тым, хто з першага дня паверыў у айчынныя сістэмы рэактыўнага залпавага агню, можна сказаць, увасобіў мары кіраўніцтва ў жыццё. Падпалкоўнік ездзіў у Кітай, праводзіў перамовы з мясцовымі калегамі, здольнымі вырабляць цвёрды порах і ракеты. І хоць Дундару робіцца сумна ад таго, што гэта пакуль нельга вырабіць у Беларусі, ён падглядае, падслухвае, запісвае ўсё за кітайцамі. Ён нават мову кітайскую вывучыў, толькі партнёрам нічога пра гэта не кажа. Але асаблівы кайф Дундару сядзець на палігоне і выпрабоўваць зброю, калі ў нямой палескай цішы ранкам гучыць выбух. Бух-бах. Кажуць, што ў такія моманты Дундар адчувае абсалютнае шчасце. Адзінае, ён трошку засмучаны тым, што сістэмы агню назвалі «Паланэзамі», ён жа прапаноўваў «Перунамі», але начальства варыянт забракавала.

Лада

Фота Сяргея Гудзіліна.

Гэтыя дурні сапраўды мяркуюць, што падкат у стылі «хмурыццаненадалада» вельмі арыгінальны і нечаканы, і, вядома ж, нікому да іх у галаву не прыходзіла знаёміцца з ёй менавіта такім спосабам. Штодня яе прыват у фэйсбуку і кантакце, дырэкт у інстаграме поўніцца прывітаннямі і прапановамі заняцца сэксам на самых розных мовах свету. Ад рускай да турэцкай, ад англійскай да кітайскай. Адзін мілы бялявы хлопчык нават пісаў па-беларуску, ёй карцела адказаць яму, але не для гэтага яна зарабляла дзясяткі тысяч падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Глядзець, але рукамі не чапаць — яе правіла. Інстаграм Lada_spring поўніцца здымкамі з адпачынку ў Дуброўніку і В’етнаме, выездамі на прыроду, смачнымі стравамі і падарункамі фанатаў. Гэта ж так проста — стаць папулярнай у сённяшнім свеце, каб табе прыносілі ахвяраванні ў выглядзе лайкаў і рэпостаў, трэба ўсяго толькі мець сімпатычны тварык і пругкі азадак. Яна з тых, каго называюць «фітаняшамі», увесь тыдзень не вылазіць са спортзала, каб колькасць упадабанняў не змяншалася, каб шэрагі прыхільнікаў станавіліся шчыльнейшымі. Шчоўк, новая фатаграфія загружаная. Лайкі, рэпосты, ляціце сюды.

Вялес

Усе нармальныя старшыні калгасаў пераселі даўно на «Аўдзі», «Фольксвагены», ці хаця б «Джылі», і толькі Сцяпан Аўласевіч працягвае ездзіць на задрыпаным «козліку», чорт бы яго пабраў. Унутры УАЗіка ўвесь час смярдзіць саляркай, рукі Аўласевіча ўжо ніколі не адмыюцца ад гэтай самай саляркі і зямлі. Кожны вечар ён бярэ тупы нож, каб выкалупаць з-пад пазногцяў засохлы пясок, раз на тыдзень ходзіць у лазню, раз на месяц стрыжэцца ў жанчыны з суседняй вёскі, раз на тры месяцы спіць з ёй, а раз на год купляе сабе новы абутак. Аўласевіч нястомна гойсае па палях, сварыцца на мехдвары, абнадзейвае прэміяй цялятніц і прымушае не піць вартаўніка калгаснага сада. Ён нават крадзе зусім па дробязі. Чыста так, каб было на тытунь, супакойвае сябе Сцяпан. Але калгас усё адно адзін з самых адстаючых у адным з самых адстаючых раёнаў Беларусі. Халера на цябе, Шаркаўшчына! Калісьці Аўласевіч быў прыгожым і перспектыўным мужчынам, яго клікалі ў аддзел эканомікі райвыканкама. Хай будзе пракляты гэты дзень, калі ён адмовіўся. «Ведаеце, я хачу працаваць з зямлёй, з жывёламі», — наіўна адказаў. Працуй, Сцёпа, адказалі яму. Ладна, не час трындзець, хутка, кажуць, губернатар віцебскі у Шаркаўшчыну прыедзе, як бы паспець навесці парадкі?

Фота Сяргея Гудзіліна.

Мара

Лёс не ўзнагародзіў яе прыгажосцю. Мара зусім мініятурная жанчына, некаторыя нават могуць назваць яе карліцай. Хаця не, яна ўсё ж упісваецца ў мінімальны рост, які можа дазволіць сабе жанчына. Як бы гэта ні было па-свінску пісаць пра жаночыя недахопы, але ў яе малы нос, крывыя ногі і рэдкія валасы. Яна спрабавала запісвацца ва ўсе гэтыя салоны прыгажосці, рабіла карэкцыю броваў, загарала ў салярыі, хадзіла ў самыя модныя цырульні. І на пару дзён пасля ўсіх працэдур Мары нават здавалася, што яна становіцца прывабнай жанчынай. Толькі вось мужыкі ходзяць з ёй на спатканні не больш за адзін раз. Ёй сапраўды хочацца простага бабскага шчасця, але кожны раз жанчына разумее, што ніколі не здабудзе яго. Не, Мара не плача. У яе крэпкая псіхіка і моцныя рукі, інакш бы яна не прайшла ўсе гэтыя тэсты і выпрабаванні. Яна баіцца, што еўрапейцы ўрэшце цалкам пазбавяць яе работы, якой і так штогод становіцца ўсё меней і меней. У Мары рэдкая, можна сказаць унікальная, прафесія — яна прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды.

Ох

Ох, прасіце ў нас любую прыбаўку да заробку! Ведаеце, нашы наведвальнікі проста шалеюць ад вас. Ох, з якога ж стагоддзя вы з’явіліся і чаму так нядаўна толькі ўладкаваліся да нас на працу? Вашы старасвецкія манеры, ваша паслужлівасць, майстэрства падабраць адпаведную чалавеку страву. Ох, такіх афіцыянтаў у нас проста яшчэ не было. Мне здаецца, што людзі да нас ходзяць толькі для таго, каб паразмаўляць з вамі. Ох, а як жа вы ўмееце падтрымаць размову! Гэта ж шыкоўна! Ох, адкуль вы толькі ведаеце і пра каву «копі лювак», і пра грамадзянскую вайну ў Іспаніі? Вы ж проста нейкая энцыклапедыя. Ох, а як арыстакратычна вы разліваеце віно ў іхнія келіхі! Дзе вы навучыліся гэтаму майстэрству? Ох, лепей маўчыце-маўчыце, не парушайце гэтай таямніцы. І няма чалавека ў цэлым рэстаране якому б вы не ўслужылі, не дапамаглі. Ох, дзякуй за той рэцэпт мужчынскай сілы, які вы мне параілі. Мая жонка задаволеная мной як ніколі. Ох, вашымі кліентамі ёсць і будуць міністры, дыпламаты, алігархі, чэмпіёны, кожны хоча, каб з імі працавалі менавіта вы. Толькі, калі ласка, нікуды не сыходзьце ад нас. Ох, замены вам мы не знойдзем ніколі…

Жыжаль

Фота Сяргея Гудзіліна.

Пяць гадоў у Навінках Пятра Жыжу пічкалі псіхатропамі. Ён падпаліў тры вёскі ў Аршанскім раёне, яму казалі, што абгарэлі пяць ці шэсць чалавек. На шчасце, жывымі засталіся ўсе. Жыжу спачатку завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе білі тры дні і чатыры ночы. Калі сілаў біць у следчых і міліцыянераў ужо не засталося, то яго адправілі на псіхіятрычную экспертызу. У бальніцы яго таксама спрабавалі біць. Галоўны доктар Аршанскага псіхдыспансера Аркадзь Міхайлавіч Пузікаў так і не адважыўся паставіць дыягназ, перакінуў усё на Мінск. У Навінках дактары смялейшыя — шызафрэнія, піраманія. Жыжу так накачалі рознымі таблеткамі, што ён амаль нічога не памятае пра той час. Не, агонь Пятру падабаецца па сёння. Час ад часу ён сядзіць на начным дзяжурстве і пстрыкае запальнічкай. Раз, два… Трэці раз ужо баіцца, бо раптам за ім нехта назірае. Па выхадзе з клінікі Жыжу ўзялі вартаўніком у блінную. Грошай асаблівых не зарабляе, затое пры справе. Сапраўдных печак тут няма, толькі электрычныя. А да іх Жыжа абыякавы. Полымя ж ёсць толькі намяляваным на фасадзе будынка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру