Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін памілаваў жыхарак Сочы Анік Кесян і Марыну Джанджгаву, асуджаных па артыкуле аб здрадзе за адпраўку ў 2008 годзе смс у Грузію аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі ў Сочы, піша ВВС.

Указы аб памілаванні апублікаваныя на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ. Яны ўступаюць у сілу праз 10 дзён пасля апублікавання.

У красавіку стала вядома, што Марына Джанджгава і Анік Кесян былі этапаваныя з калоній у Волагдзе і Мардовіі ў маскоўскі СІЗА «Лефортава».

Тады іх адвакат Іван Паўлаў паведаміў, што лёс яго падабаронных вырашаецца «на самым высокім узроўні».

Анік Кесян і Марына Джанджгава былі асуджаныя па артыкуле 275 КК РФ (дзяржаўная здрада) за адпраўку ў 2008 годзе сваім знаёмым у Грузію смс аб расійскай вайсковай тэхніцы, якую яны бачылі на чыгунцы. Марыну Джанджгаву ў 2014 годзе прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі, Анік Кесян — у 2015 годзе да васьмі гадоў калоніі.

У СМІ больш шырока асвятляўся працэс над яшчэ адной жыхаркай Сочы — Аксанай Севастыдзі, якая была асуджаная ў сакавіку 2016 года на сем гадоў пазбаўлення волі за тое, што ў 2008 годзе адправіла знаёмаму ў Сухумі тэкставае паведамленне пра ідучыя ў бок Абхазіі танкі.

Расійскае следства сцвярджала, што знаёмы Севастыдзі працаваў на грузінскую выведку. На гэтай падставе ў дачыненні да яе распачалі справу аб дзяржаўнай здрадзе ў форме шпіянажу.

У сакавіку гэтага года Уладзімір Пуцін памілаваў Севастыдзі. У ходзе вялікай прэс-канферэнцыі ў снежні мінулага года Пуцін назваў прысуд Севастыдзі «дастаткова жорсткім».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру