Два чалавекі загінулі і трое атрымалі сур'ёзныя раненні ў выніку страляніны ў начным клубе ў горадзе Канстанц, паведамляе мясцовая паліцыя. Матывы страляніны невядомыя, аднак паліцыя ўжо выключыла версію тэракту, паведамляе Бі-бі-сі.
Раніцай у нядзелю 34-гадовы мужчына адкрыў агонь і забіў аднаго з наведнікаў клуба.
Паліцыя прыбыла на месца здарэння і адкрыла агонь па стралку. Ён быў цяжка паранены і пазней памёр у лякарні.
Відавочцы паведамляюць, што сярод параненых - ахоўнік клуба.
Паліцыя паведамляе, што астатнім наведнікам клуба ўдалося ўцячы з будынку ці схавацца.
Прадстаўнік паліцыі паведаміў тэлеканалу N-TV, што стралок быў грамадзянінам Ірака, аднак не з'яўляўся прасіцелем прытулку ў Германіі, хоць доўгі час там жыў.
Паліцыянты паведамілі, што можна выключыць тэрарызм з магчымых прычын нападу.
«Матывы гэтага чалавека, які дзейнічаў у адзіночку, няясныя. Мы працягваем расследаванне, аднак нам стала больш ясна, што адбылося на дыскатэцы перад стральбой, і гэта дазваляе нам выключыць тэрарыстычную падаплёку таго, што адбылося», - сказаў прадстаўнік паліцыі.
Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»





