Дзядзьку Мішу, так ён прадстаўляецца, часта можна сустрэць ля Цэнтральнай Кнігарні ў сталіцы: стары раскладвае кнігі, часопісы, нават дзіцячыя машынкі і сядзіць у чаканні пакупнікоў альбо проста стасункаў. Сёння дзядзька Міша прапануе «Раман-газету» за 1985 год, часопісы «Мои любимые цветы» и «Хозяин», якім найменш восем гадоў — аддае за «колькі хто дасць».

«Некалі даўным-даўно здавалі макулатуру і мянялі яе на кнігі. Я кнігі збіраў, шмат чытаў, а цяпер яны ляжаць бясхозныя», — у дзядзькі Мішы вельмі ціхі і слабы голас. Яму цяжка гаварыць, але на здароўе не скардзіцца. Кажа, што проста не звяртае на яго ўвагу.

Стары не памятае, колькі яму гадоў. Жыве ў кватэры над кінатэатрам «Цэнтральны» разам ж жонкай і сынам. Але, кажа, адносіны ў сям'і вельмі напружаныя. Да таго ж апынулася, што жонка з ім развялася з-за кватэры, а ён пра гэта даведаўся выпадкова, калі хацеў за яе, амаль ляжачую, прагаласаваць на выбарах. Не дазволілі, бо «разведзеныя». Таму, кажа, «можна сказаць, што я адзін». Гэта бачна і па знешнім выглядзе старога (відаць, у касцюме, які на ім апрануты, ён ходзіць апошнія некалькі гадоў).

Міхаіл - ветэран вайны. Кіраваў танкам на Заходнім фронце. Удзельнічаў у баі, пасля якога «немец здаўся». Потым усё жыццё прапрацаваў у школе - настаўнікам пачатковых класаў і працы.

«Мы нават зрабілі адзін складаны прыбор, які пайшоў у Маскву на выставу», — прыгадвае стары, але што гэта быў за прыбор, не памятае.

Па словах дзядзькі Мішы, кнігі ў яго набываюць часта, хоць і выходзіць ён на вуліцы, бадай, калі добрае надвор'е. Вось сёння думаў ля ГУМа пасядзець, але адтуль прагналі - сказалі, што гандляваць там забаронена. Але не столькі для «капейкі» прапануе дзядуля свае кнігі, колькі для стасункаў, дзе-хто спыніцца і паразмаўляе. Да таго ж, мяркуе, што пенсія ў яго добрая:

«Большая ў параўнанні з многімі, бо я доўга і добра працаваў, мяне не пускалі на пенсію. Я добра жыву, ні ў чым сабе не адмаўляю».

 

Старому цяжка гаварыць, памяць падводзіць, таму на развітанне абяцаю заходзіць да дзядзькі Мішы і пытаюся, як, на яго думку, цяпер жывуць людзі:

«Нашмат лепш, чым раней, — лічыць гандляр кнігамі. — Раней беднякоў на вуліцах шмат было, а цяпер няма. Кожны мае на хлеб. Адно толькі п'яніцы прапіваюць усё. А нармальныя людзі жывуць добра».

Калі будзеце праходзіць ля Цэнтральнай кнігарні, звярніце ўвагу на старога з кіёчкам, маленькай лупай у руцэ (ён разглядае шматлікія паперкі ў сваім гаманцы) і часопісамі ці кнігамі, акуратна раскладзенымі на падваконні крамы. Гэта дзядзька Міша. Вазьміце ў яго кнігу альбо проста пагаварыце з ім. Яму будзе прыемна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?