Мінская міліцыя шукае жанчыну, якая падняла са сметніцы ля абменнага пункта купюру ў 100 даляраў.

«Інцыдэнт адбыўся 25 мая гэтага года ў абменным пункце па праспекце Ракасоўскага, 114. Мужчына, абмяняўшы беларускія рублі на 100 даляраў ЗША, забраў манеты, а даляравую купюру разам з чэкам машынальна выкінуў у сметніцу. Жанчына, якая стаяла за ім у чарзе, дастала чэк з загорнутай у яго купюрай, пасля чаго знікла», — паведамляюць міліцыянты.

Супрацоўнікі міліцыі просяць грамадзян аказаць дапамогу ў высвятленні асобы жанчыны. У РАУСе Ленінскага раёна патлумачылі, што ўласнік грошай прыйшоў у міліцыю па дапамогу. Ён не хоча прыцягваць жанчыну да адказнасці, спадзяецца толькі, што яна пагодзіцца вярнуць яму грошы.

Пры гэтым, калі жанчына адмовіцца вярнуць грошы, то яе дзеянні амаль немагчыма кваліфікаваць як супрацьпраўныя. Але міліцыя і мужчына, які згубіў грошы, разлічваюць на сумленнасць жанчыны.

Прыкметы жанчыны: на выгляд 30-35 гадоў, сярэдняга целаскладу, валасы цёмныя, доўгія, былі сабраныя ў хвост. Была апранута: вятроўка сіняга колеру, шэрая футболка, чорныя штаны, чорныя чаравікі. Пры сабе мела дзіцячы самакат аранжавага колеру.

Калі вы пазналі жанчыну на фота, просьба звяртацца ў Ленінскае РУУС г.Мінска асабіста (2-і Веласіпедны завулак, 9) або па тэлефонах: 8 (017) 368-12-03, 8 (017) 367-62-02, (029) 776-07-50 альбо 102.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?