Інфармацыю пра здарэнне баранавіцкаму парталу Intex-press паведаміў чытач Валерый Гоўша. Каля 17 гадзін 2 жніўня разам з жонкай і дзіцем ён выязджаў з аўтазапраўкі на вуліцы Вільчкоўскага.

Месца здарэння — АЗС на вуліцы Вільчкоўскага ў Баранавічах. Фота: Наталля Семяновіч

Месца здарэння — АЗС на вуліцы Вільчкоўскага ў Баранавічах. Фота: Наталля Семяновіч

Нечакана з крыкамі «Дапамажыце, забіваюць!» з-пад моста да іх падбегла скрываўленая дзяўчына і заскочыла ў машыну.

— Яна была ўся ў крыві, быццам на яе вылілі вядро крыві. Два зубы зламаныя, нешта было з пальцам — я не зразумеў, ці то ў яе пазногаць зрэзаны, ці то палец. Яна была ў шоку, вельмі дзіўна гаварыла. Мы нават падумалі, што яна выпіла або, можа, аднекуль звалілася, — распавядае жонка Валерыя, якая таксама была ў машыне.

Дзяўчыне выклікалі хуткую дапамогу. Па словах Валерыя, ужо праз пару хвілін медыкі падаспелі.

Да прыезду медыкаў і міліцыі дзяўчынка распавяла, што ёй 15 гадоў. Яна адпачывала на Мышанцы з сяброўкамі, але дадому пайшла адна. Яна ішла ўздоўж дарогі, калі побач з ёй спыніўся аўтамабіль. З яго выйшаў мужчына і спытаў, ці не бачыла яна сабачку. Яна адказала, што не бачыла. Тады ён напаў на яе і зацягнуў у машыну. Па словах Валерыя, біў ён чымсьці металічным, магчыма, гаечным ключом.

У машыне выкрадальніка дзяўчына прыйшла ў сябе. Пад мостам на вуліцы Вільчкоўскага рух арганізаваны так, што праехаць можа толькі адна машына. Такім чынам, злачынец вымушаны быў скінуць хуткасць. Магчыма, менавіта гэтым дзяўчынка скарысталася, каб выскачыць з аўтамабіля.

Гараджанін Яўген распавёў Іntex-press, што ён ехаў з Зорнага па кірунку ў Баранавічы, калі стаў выпадковым сведкам таго, як дзяўчынка выскачыла з машыны выкрадальніка.

— Я еду, бачу, мінівэн, быццам бы Citroen. Я звярнуў на яго ўвагу таму, што заднія правыя дзверцы, якая бліжэй да абочыны, былі ў яго адкрыты. Мы праехалі міма адзін аднаго, і я паглядзеў у люстэрка задняга віду — дзіўна, праўда, што машына едзе з адкрытымі дзвярыма. І раптам з гэтых дзвярэй выпадае дзяўчына, падымаецца і пачынае бегчы ў бок АЗС. Кіроўца Citroen спыніўся, выйшаў з машыны, стаў махаць рукамі і нешта ёй крычаць, але за ёй не бег. Я не ведаю, колькі яму было гадоў. Здаецца, ён быў лысаваты. Дзяўчына стала бегчы праз дарогу, яе яшчэ бус ледзь не збіў. Але калі яна была ўжо ля АЗС, сталі спыняцца машыны. Я вырашыў, што ёй дапамогуць, і паехаў далей, — кажа Яўген.

Што рабіў далей кіроўца Citroen, Яўген не бачыў.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падазраваны затрыманы. Яму каля 40 гадоў. Каментар у праваахоўных органаў атрымаць пакуль не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0