Вогненны перапалох зладзіла пяцігадовае дзіця ў цэнтры Мсціслава, паведаміла карэспандэнту БелТА старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.
Інцыдэнт адбыўся 3 жніўня ў прыватным доме па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Мама хлопчыка пайшла на працу. Дзіця засталося пад наглядам дзядзькі. Запалкі ляжалі ў даступным месцы, чым і скарыстаўся малы.
Забава з небяспечнай цацкай у двары прывяла да ўзгарання прыбудовы, а пасля полымя перакінулася на дах дома. На шчасце, мясцовыя жыхары хутка зарыентаваліся і выклікалі ратавальнікаў. Дзіця не пацярпела.
Гэта не першы выпадак. Так, з-за дзіцячага свавольства з агнём у Магілёўскай вобласці з пачатку года адбылося 11 пажараў.





