Беларусы ў інтэрнэце часцей за ўсё шукаюць інфармацыю. Пра гэта сведчаць дадзеныя зборніка «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцця насельніцтва Рэспублікі Беларусь», які апублікаваны на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, паведамляе БЕЛТА.

Паводле даследаванняў, у 2016 годзе 92,6% карыстальнікаў ва ўзросце ад 6 да 72 гадоў звярталіся да інтэрнэту для пошуку інфармацыі, 79,8% — для прагляду і запампоўкі фільмаў, музыкі. Камунікацыя ў сацыяльных сетках была мэтай 74,7% беларусаў, адпраўка і атрыманне электроннай пошты, перамовы — 52,8%, вядзенне фінансавых аперацый — 46,9%. Купляюць тавары і атрымліваюць паслугі анлайн 28,6% карыстальнікаў. У мэтах адукацыі ў інтэрнэт выходзяць 23,2% карыстальнікаў, для ўзаемадзеяння з органамі дзяржкіравання — 13%.

Дзеці ад 6 да 15 гадоў, седзячы ў інтэрнэце, часцей за ўсё гуляюць у камп'ютарныя гульні, у той час як мужчыны і жанчыны ад 16 да 72 гадоў аддаюць перавагу пошуку інфармацыі. Пры гэтым 43, 8% карыстальнікаў цалкам задаволеныя якасцю інтрэрнэт-паслуг.

Пераважная колькасць беларусаў (93,5%) выходзяць у інтэрнэт дома, 27,7% — у сваякоў і знаёмых, 19,1% — на працы, 9,8% — у камп'ютарным клубе або інтэрнэт-кафэ. Пры гэтым у любым з месцаў больш за палову карыстальнікаў выкарыстоўваюць паслугі сотавай рухомай электрасувязі.

Усяго ў Беларусі налічваецца звыш за 11 млн інтэрнэт-абанентаў. Доступ да глабальнай сеткі ёсць у 71,1% насельніцтва. Штодня інтэрнэтам карыстаюцца 68,3% беларусаў, не менш за адзін раз на тыдзень — 16,2%, зрэдку ў інтэрнэт выходзяць 15,5% беларусаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру