Гомельскі дызайнер-мастак Дзмітрый Казлюк ідэю свайго арт-праекта з выявай першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны прапанаваў кіраўніцтву аднайменнага універсітэта ў 2015 годзе. Грошы на матэрыялы для графіці было вырашана сабраць з дапамогай сацыяльнай краўдфандынгавай пляцоўкі, але неабходнай сумы сабраць не ўдалося. Тады гамяльчук вырашыў стварыць малюнак сваімі сіламі, часткова з грашыма дапамог ВНУ.

На стварэнне графіці сышло дзевяць дзён і 60 кг фарбы. Ужо падчас працы Дзмітрый даведаўся, што 6 жніўня - сімвалічны для беларускага кнігадрукавання дзень. Таму ён стараўся паспець скончыць свой праект менавіта да гэтай даты. У выніку рыштаванні былі прыбраныя 4 жніўня, якраз у дзень нараджэння самога Дзмітрыя.

— Партрэт Францыска Скарыны зроблены ў аўтарскай тэхніцы. Гэта нешта сярэдняе паміж алоўкавым малюнкам і гравюрай. Выкарыстоўвалася спецыяльная фасадная фарба, якой не страшныя сонца ці дождж, а значыць, малюнак будзе даўгавечным, — распавёў гамяльчук.

Зміцер не хавае, што вельмі рады таму, што праект адбыўся і яго ўдалося рэалізаваць насуперак усяму. Акрамя таго, у бліжэйшай будучыні гомельскі дызайнер хоча намаляваць партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка на сцяне адной з гомельскіх навучальных устаноў.

— У мяне ёсць гатовы праект для Беларускага дзяржуніверсітэта транспарту, для набярэжнай Сожа ў цэнтральным парку і лодачнай станцыі. Але пакуль не хочацца забягаць далёка наперад, бо у кожнага падобнага праекта ёсць куча узгадненняў — пачынаючы ад галоўнага мастака і галоўнага архітэктара горада і заканчваючы балансатрымальнікамі аб'екта. І, безумоўна, не варта забываць пра фінансавую частку падчас рэалізацыі, — падсумаваў Зміцер.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру