Кандытарская, створаная сям’ёй маладых беларусаў, была названая найлепшай цукерняй-кавярняй году ў польскім горадзе Гданьску. Цукерня Le Délice упэўнена перамагла ў галасаваньні «Чэмпіёны смаку», арганізаваным мясцовай газэтай Dziennik Bałtycki. Званьне найлепшай цукерні году — гэта толькі першая прыступка да кандытарскага алімпу, Le Délice мае амбітныя пляны, кажуць уласьнікі кандытарскай Вольга і Зьміцер Даўжэўскія.

Зьміцер Даўжэўскі, Вольга Даўжэўская і вядомая польская сьпявачка Сарса Маркевіч (пасярэдзіне).Фота са старонкі кандытарскай Le Délice у Facebook.

Зьміцер Даўжэўскі, Вольга Даўжэўская і вядомая польская сьпявачка Сарса Маркевіч (пасярэдзіне).Фота са старонкі кандытарскай Le Délice у Facebook.

Кандытарская Le Délice разьмешчаная непадалёк ад цэнтру Гданьску — аднаго з самых буйных і папулярных сярод турыстаў гарадоў Польшчы. Стварылі яе напрыканцы 2015 году Вольга й Зьміцер Даўжэўскія — сям’я маладых беларусаў, якія прыехалі зь Менску. А ўжо менш чым праз два гады іх кандытарская перамагла ў конкурсе на званьне найлепшай цукерні польскага гораду. Цяпер Даўжэўскія рыхтуюцца прыняць удзел у польскіх агульнанацыянальных кулінарных спаборніцтвах і міжнародных конкурсах кандытараў.

Кандытарская Le Délice ў Гданьску. Фота сям'і Даўжэўскіх.

Кандытарская Le Délice ў Гданьску. Фота сям'і Даўжэўскіх.

Мара ствараць дэсэрты ў сям’і Даўжэўскіх была даўно. Яны паспрабавалі рэалізаваць яе ў Беларусі, але маруднасьць і назойлівасьць беларускіх чыноўнікаў, а таксама эканамічны крызыс прымусілі іх перанесьці свой невялікі бізнэс за мяжу.

Вольга Даўжэўская паводле адукацыі — інжынэр-тэхноляг. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і Міжнародную кулінарную акадэмію ў Кіеве, наведвала курсы вядомых францускіх і бразыльскіх кандытараў.

Вольга займаецца стварэньнем дэсэртаў, а выпечкай, а таксама ўсімі адміністрацыйнымі справамі займаецца яе муж Зьміцер — юрыст паводле адукацыі. Як кажуць сталыя кліенты цукерні Даўжэўскіх, яны робяць найлепшыя круасаны й францускія булачкі на ўсім польскім узьбярэжжы. Працоўны дзень уласьнікаў кандытарскай пачынаецца а 4-й гадзіне раніцы й працягваецца аж да 8-й вечара.

«Le délice» у перакладзе з францускай мовы азначае «асалода». Сям’я вырашыла адкрыць кандытарскую ў францускім стылі, таму што кандытарская школа гэтай краіны лічыцца найлепшай у сьвеце й «менавіта за ёй будучыня» — тлумачыць Зьміцер.

Дэсерт «forêt noire». Тут и ніжэй фота са старонкі кандытарскай Le Délice у Facebook.

Дэсерт «forêt noire». Тут и ніжэй фота са старонкі кандытарскай Le Délice у Facebook.

Беларуска-француская кандытарская ў польскім Гданьску частуе гасьцей шакаляднымі тортамі, шакаляднымі й фруктовымі пірожнымі. Ёсьць у мэню й беларускія матывы. Le Délice — хіба што адзіная цукерня ў Польшчы, якая сама вырабляе зэфір.

Зьміцер Даўжэўскі: Галоўныя нашыя дэсэрты — гэта шакалядныя торты зь вішняй «forêt noire» («чорны лес»), труфэлі, а таксама экзатычныя пірожныя са смакам манга, маракуі ды банана. Акрамя таго, мы падаем сэзонныя дэсэрты — традыцыйныя польскія пірожныя «ягадзянкі» з чарніцай, мус на аснове маліны, чарніц, белага шакаляду з аліўкавым алеем, таксама мы падаем арэхавыя дэсэрты «каштан». Акрамя ўсяго, мы робім тое, чаго ў Польшчы не вырабляе ніхто — наш беларускі зэфір, які мы гатуем на месцы.

Гданьскі конкурс «Чэмпіёны смаку» (Mistrzowie Smaku) — ня першае спаборніцтва, у якім прымае ўдзел кандытарская сям’і Даўжэўскіх. У гэтым годзе Le Délice прыняла ўдзел у конкурсе Expo Sweet у Варшаве, дзе заняла 6 месца ў катэгорыі смаку, і 9 — у катэгорыі дэкарацыі тортаў.

Даўжэўскія мараць перамагчы ў агульнапольскім конкурсе і патрапіць на міжнародныя спаборніцтвы вытворцаў дэсэртаў.

Фірмовы зэфір

Фірмовы зэфір

Зьміцер Даўжэўскі: Мы хочам заняць першае месца на Expo Sweet, бо гэта самы прэстыжны конкурс у Польшчы, які дае магчымасьць удзельнічаць у міжнародным кандытарскім конкурсе ў італьянскім Мілане.

Перад пераездам у Польшчу Зьміцер аналізаваў законы, якія датычаць вядзеньня малога бізнэсу, вучыў польскую мову. «Мова далася лёгка. Неабходнасьць вырашаць адміністрацыйныя пытаньні, справы, зьвязаныя з рамонтам памяшканьня, проста прымушаюць хутка навучыцца гаварыць па-польску. Цяжэй за ўсё вырашыцца на пераезд і радыкальна зьмяніць сваё жыцьцё», — прызнаецца кандытар. Рашэньне пераехаць у Польшчу было няпростым і таму, што Даўжэўскія выхоўваюць траіх малых дзяцей.

«Пераехаць у новую краіну, дзе цябе ніхто не чакае й не дапамагае, з трыма дзеткамі вельмі цяжка. Але мы гэта зрабілі, бо мы шлі да сваёй мары», — тлумачыць Вольга Даўжэўская.

Аднак выдаткі, якія зрабіла сям’я Даўжэўскіх, кампэнсаваліся нашмат лепшымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу ў Польшчы, мяркуе Зьміцер.

Зьміцер Даўжэўскі: У Польшчы адчуваецца тое, чаго няма ў Беларусі — дзейнасьць рыначных мэханізмаў і павага да прыватнай уласнасьці. Калі ты ставіш перад сабой мэту, табе ня будуць перашкаджаць, ня будуць душыць праверкамі. Калі ты сапраўды нешта можаш прапанаваць на рынку, то вырашаць будуць кліенты — патрэбны ім твой прадукт ім ці не. Тут будуць працаваць рэальныя эканамічныя законы, а не загады плянавай эканомікі.

Кандытарская Le Délice паволі становіцца месцам, якая гуртуе выхадцаў зь Беларусі. Беларускім гасьцям тут рады, кажа Зьміцер. Уласьнікі цукерні гатовыя падзяліцца досьведам з тымі, хто нядаўна пераехаў у Польшчу, а турыстам — расказаць пра цікавыя мясьціны Гданьска й, канешне, запрапанаваць пачастунак.

Зьміцер Даўжэўскі: Мы паціху становімся месцам, дзе зьбіраюцца мясцовыя мігранты. У Гданьску хапае беларусаў. Да нас прыходзяць сябры й знаёмыя, стараемся адзін аднаму дапамагаць — пачынаючы ад маральнай падтрымкі, заканчваючы парадамі па юрыдычных пытаньнях, парадамі тым, хто зьбіраецца прыехаць у Польшчу й простай дапамогай — напрыклад, пазычаем машыну падчас пераезду. Калі ёсьць магчымасьць, мы дапамагаем, не адмаўляем людзям.

Зьміцер і Вольга Даўжэўскія выказваюць вялікую падзяку ўсім беларусам, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні й падтрымалі землякоў. Яны запрашаюць турыстаў зь Беларусі й беларусаў Польшчы ў сваю кандытарскую, якую можна знайсьці на вуліцы Partyzantów у Гданьску.

Вольга Даўжэўская на Sweet Expo 2017

Вольга Даўжэўская на Sweet Expo 2017

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?